Сёння панядзелак, а гэта азначае, што надыйшоў час пазнаёміцца з новай асобай з нашай вялікай парафіяльнай сям’і. Паразмаўляўшы з Уладзіславай Чуро, мы зразумелі, што не можам абыйсці яе бокам.

Владзе 12 год, яна жыве з бацькамі і двумя братамі, якіх вельмі любіць. Влада любіць танцы, раней яна займалася менавіта гэтым мастацтвам, але з пачатку новага навучальнага года наша гераіня аддала перавагу маляванню.

Влада прызнаецца, што вучыцца ў школе ёй не вельмі падабаецца, але яна стараецца. У школе з’яўляецца харашысткай. З усіх дысцыплін Влада вылучае інфарматыку і англійскую мову, кажа, што «праца на камп’ютары і вывучэнне новай мовы найбольш блізкія сэрцу». Усе ўрокі Влада заўсёды робіць сама, мама толькі правярае. Наша гераіня скардзіцца, што шмат часу заўсёды марнуе на выкананне школьных дамашніх работ. «Калі б у мяне было больш вольнага часу, я б хацела прысвячаць яго на чытанне кніг».

Влада мае шмат сяброў, большасць з іх школьныя. «Разам з сябрамі я люблю хадзіць куды-небудзь, напрыклад, не так даўно мы былі ў цырку, мне там спадабалася. Але проста размаўляць і праводзіць час разам мы таксама любім».

У сям’і Чуро ёсць традыцыі, пра якія нам распавядае Влада. «Кожную суботу ўвечары мы збіраемся разам, каб пагуляць у настольныя гульні. Я гэта вельмі люблю. На ўсе святы мы ездзім да бабулі, яна нас песціць, заўсёды частуе смачнымі піражкамі».

«У нядзелю дзе б мы ні былі, мы заўсёды ўсёй сям’ёй ідзём на Імшу. А ў кастрычніку вечарам мы разам з бацькамі і братамі молімся частку Ружанца і Літанію». Влада распавядае, што бываюць дні, калі яны ўсе разам чытаюць Біблію, і можа гэта не атрымліваецца рабіць кожны дзень, але гэтыя моманты Влада лічыць каштоўнымі.

Влада дзеліцца з намі, што на катэхезу яна распачала хадзіць яшчэ да школы і зараз з радасцю працягвае гэта рабіць. Заняткі з Вольгай Уладзіславаўнай ёй вельмі падабаюцца.

Падчас размовы Влада шмат разоў узгадвала сваю Першую Камунію, для яе гэта было сапраўднае свята. Першы раз Езуса ў сваё сэрца Влада прыняла ў 2015 годзе. У гэты ж дзень да Першай Камуніі прыступіў яе брат. Наша гераіня рада, што раздзяліла гэта свята з братам.

Влада плануе стаць праграмістам. Мы спыталіся ў яе, на што яна будзе траціць вялікі заробак. Яна хутка і без сумніву адказвае «На дабрачыннасць». Працягваючы размову, мы зразумелі, што вайжнейшым пунктам дабрачыннасці для Влады з’яўляецца будаўніцтва парафіяльнага касцёла. Яшчэ ў планах Влады стаць добрай жонкай, яна хоча мець 4 дзяцей, але пакуль трэба троху пасталець.

Размаўляла Паліна Ручан
Фота з архіва сям'і Чуро