13 кастрычніка Генеральным камісарам FSE (Федэрацыя скаўтаў Еўропы) Юліяй Чарніцкай была праведзена цырымонія вызнання 2-й Мінскай дружыны Св. Барбары і назначана дружыновая — Таццяна Мазун.
Вызнанне дружыны — што гэта значыць?
Гэта значыць, што развіццё скаўцкага жыцця ў нашай парафіі ідзе ў хуткім рытме і правільным накірунку. Маем кола Божых каровак, звяз скаўтак, вогнішча шэфаў, у хуткім часе з'явяцца маладыя правадніцы. Ёсць усе «прыступкі», па якіх можна крочыць і развіваць свой характар, здароўе, веру, пазнаваць сябе, навакольны свет, а таксама ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга. Створаны ўсе ўмовы, каб развівалася асабовасць дзяўчынкі, дзяўчыны, жанчыны. Усе разам мы і ёсць дружына.
У такой вялікай супольнасці важную ролю займае дружыновая. Яна імкнецца стварыць умовы, каб кожны ў скаўтынгу адчуваў сябе часткай вялікай сям'і: арганізоўвае мерапрыемствы, сустрэчы, дзе меншыя маюць магчымасць быць са старэйшымі, а старэйшыя могуць паслужыць малодшым. Вядзецца сумесная праца з бацькамі і святарамі, наладжваецца сувязь дружыны з іншымі дружынамі Беларусі і за мяжой.
Пасля ўрачыстай святой Імшы і цырымоніі вызнання дружыны, ўся дружына вырушыла ў невялічкую пілігрымку ў парафію Маці Божай Будслаўскай у Мінску, каб пакланіцца Маці Божай.
Пасля ўдзельнікаў чакалі цікавыя мерапрыемствы: сцэнка аб жыцці святой Барбары, фільм пра гісторыю пачатка скаўтынгу ў нашай парафіі, сюрпрызы, пачастункі, забавы і гульні.
Аб'яднаны верай у Бога і скаўцкім стылем жыцця крочым на перад, бо ўсё толькі пачынаецца!