У нядзелю 13 кастрычніка дзеці разам з бацькамі сабраліся, каб маліцца за ўсіх матуль з нагоды надыходзячага Дня Маці. У святой Імшы прымалі ўдзел прадстаўнікі парафіяльнага Caritas. Валанцёры гэтай дабрачыннай арганізацыі разам са скаўткамі падрыхтавалі падарункі, каб ушанаваць мамаў і падарыць усмешкі і радасць ім і іх сем'ям.

Падчас казання ксёндз Уладзімір прапанаваў паразважаць аб тым, што перашкаджае нам праслаўляць Бога і  казаць адно аднаму слова «люблю», казаць шчыра. Святар заклікаў праслаўляць Бога, як падчас набажэнстваў, так і ў сваёй штодзённасці.

Пасля ўрачыстай Святой Імшы кожная мама атрымала падарунак, які змог крыху сагрэць яе сэрца ў восеньскую нядзелю. Падарункі былі падрыхтаваны пры падтрымцы Нацыянальнага Caritas Беларусі.

«Дар мацярынства сапраўды адзін з самых вялікіх дароў! Мне здаецца, што ўсмешка маці — самы сапраўдны Божы цуд. Таму я была вельмі шчасліва пачуць з вуснаў мамаў цёплыя словы падзякі», — дзеліцца ўражаннямі валанцёр парафіяльнага Caritas Паліна Капуста.

Нагадваем, што ўжо больш за год у нашай парафіі рэалізуецца праект «Сацыяльная перадышка», дзякуючы якому вядзецца дапамога бацькам у доглядзе за дзецьмі. Кожнае сэрца можа знайсці сабе месца ў Caritas. Каб далучыцца да служэння ў парафіяльным Caritas звяртайцеся да святароў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.