Героем гэтага тыдня будзе Дзяніс Чаган. Яму 15 год, ён мае двух братоў і сястрычку, належыць да некалькіх парафіяльных груп, любіць бегаць, займацца спортам і хадзіць па крамах.

Раней сям’я Дзяніса жыла на Серабранцы і хадзіла ў Касцёл Яна Хрысціцеля да салезіянаў. Дзянісу вельмі падабалася як там гралі на гітары і спявалі. Потым яго сям’я пераехала ў наш раён і стала часткай нашай парафіі. Па прыкладзе іншых хлопцаў, Дзяніс вырашыў далучыцца да Літургічнай Службы Алтара. «Мне вельмі падабаецца ў ЛСА, бо гэтым я дапамагаю святарам і больш служу Богу», — кажа Дзяніс.

Таксама Дзяніс скаўт. «Як толькі нам распавялі пра скаўтаў, у мяне з’явілася жаданне далучыцца да скаўцкага руху. Гэта вельмі крута! Я атрымліваю вельмі каштоўны вопыт, вучуся выжываць у лесе, дзейнічаць у экстраных сітуацыях. Мы самі гатуем ежу, робім піянеркі — гэта пабудовы з дрэва і вяроўкі, напрыклад гамакі на якіх спім, алтар, стол».

У гэтым годзе ўпершыню Дзяніс паехаў на Канікулы з Богам у Паланэчку, і як ён распавёў, пашкадаваў, што не ездзіў раней. Для яго важнымі і цікавымі момантамі былі скрутацыі: «Нам давалі лісцік з урыўкамі з Бібліі на пэўную тэму і мы разважалі над імі. Пакуль разважалі, сядзелі паасобку, а потым збіраліся ў свае групы і дзяліліся сваімі думкамі».

Яшчэ Дзяніс распавёў, што яму падабаюцца адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Для Дзяніса прыкладам ў веры і яе развіцці, а таксама актыўнасці ў парафіі з'яўляюцца ксяндзы Алег і Уладзімір і Антон Вайткевіч са старэйшай моладзі. «Я магу глядзець як яны штосьці робяць і лічу, что гэта добра, што мне таксама трэба так развівацца і бяру з іх прыклад».

Размаўляла Паліна Маісеева
Фота: Catholic.by, Jan.by