4 кастрычніка ва ўспамін св. Францішка Асізскага Божыя кароўкі нашай парафіі пад кіраўніцтвам шэфа кола – Ангеліны Гуд правялі супольную малітву ў інтэнцыі супакою ва ўсім свеце.

Як звычайна Сусветная Дзіцячая Эўхарыстычная Святая Гадзіна сабрала каля Алтара Пана шмат дзяцей нашай парафіі. “Мы запалім спецыяльную свечку, якую распальваюць у кожнай капліцы і ў кожным касцёле, дзе сёння, у першую пятніцу месяца кастрычніка, дзеці ўсяго свету яднаюцца, каб разам маліцца аб супакоі”, - сказаў на пачатку кс. Уладзімір.

Малітва распачалася са слоў Анёла Супакою. Ружанцовыя разважанні, падрыхтаваныя ў духу заступніка навакольнага свету, калярова прыпомнілі ўсім сабраным пра апошнія дні зямнога жыцця Езуса Хрыста. Падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта ўсе сабраныя далучыліся да малітвы таямніц часткі Балеснай у гэтай важнай інтэнцыі. Заклік “Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою” рэхам гучаў у сэрцы кожнага.

У часе Ружанца дзеці падыходзілі да алтара, каб запальваць знічы розных колераў. Кожны колер азначаў сваю частку светат– Амерыка, Еўропа, Азія, Афрыка, Аўстралія і Акеанія. Такім чынам, мы разам памаліліся 5 таямніц Святога Ружанца. У акце аддання сябе Марыі гучалі словы, якія з’яўляюцца вельмі акуальнымі ў сучасным свеце “няхай вернецца спакой пасля буры”.

Падчас Святой Імшы, якая распачалася адразу пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мы разважалі над тым, што кожны чалавек пакліканы любіць і што, калі “кожны чалавек будзе паступаць паводле злых намераў сэрца свайго”, то вынік будзе сумны для ўсяго чалавецтва. Кульмінацыйным момантам супольнай малітвы стала прыняцце ў сваё сэрца Езуса Хрыста.

Напрыканцы Ліургіі кс. Уладзімір падзякаваў усім за правядзенне малітвы і ўзгадаў настаўленне св. Францішка, якое той прамовіў перад адыходам у вечнасць: “Трывайце, дзеці, у боязі Божай і заўсёды заставайцеся з Богам”.

 

Тэкст i Фота: Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.