Сёння хочам пазнаёміць вас з яшчэ адным нашым парафіянінам — Валерыем Шымаком, расказаць пра яго жыццё і гісторыю паклікання.

Валерыю 38 год, ён нарадзіўся ў в. Осава Гродзенскай вобласці. Усё дзяцінства хадзіў разам з сям'ёй ў касцёл. Разам са сваім братам-двайнятам, якога завуць Андрэй, ён часта праводзіў летні час ў свёй бабулі, дзе таксама хадзіў у касцёл, які не зачынялі нават ў гады СССР.

Як успамінае Валерый, бабуля заўсёды клапацілася аб іх: «Нам з братам вельмі хацелася быць бліжэй да вады, схадзіць на возера, а бабуля сама не вельмі добра плавала і не брала ніколі нас з сабой. Аднойчы ішлі мы міма возера ў лес і там стаяла побач лодка, мы скокнулі туды і адштурхнуліся. І мая бабуля, не ўмеючы плаваць, не ведаючы глыбіню возера кінулася ў ваду, схапіла лодку і выцягнула нас».

Больш глыбокі прыход да Бога ў жыцці Валерыя адбыўся з прыездам у яго парафію групы людзей, якія прадстаўлялі супольнасць назарэтанскіх сем'яў і запрашалі на рэкалекцыі, куды Валера ездзіў з братам.

Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Валерый меў некалькі дзяўчын на прыкмеце. Ён часта маліўся і прасіў Бога аб прыняцці рашэння. «Аднойчы досыць доўга і горача маліўся Богу, і падчас гэтай малітвы мне прыйшла смс-ка ад Лены, якая таксама была адной з гэтых прэтэндэнтак і я адразу падумаў: “Божа, няўжо гэта яна?” (смяецца). Вось так цікава склалася, што Лена стала маёй жонкай».

У Валерыя з Аленай 6 дзяцей: пяць хлапчукоў і дзяўчынка. Сям'я, як кажа Валерый — гэта тое, чым ён вельмі хоча і любіць займацца. Таксама з нядаўняга часу ён стаў скаўтам і зараз апякуецца ваўчанятамі.

Галоўная мэта жыцця, як і ва ўсіх хрысціян — дасягнуць святасці. «Таксама мару пабачыць як вырастуць мае дзеці, якія таксама будуць добрымі хрысціянамі».

У дарозе да святасці Валеру дапамагаюць прыклады блізкіх яму людзей: «Прыкладам для мяне з’яўляўся кс. Пётр Байгер, які вянчаў нас  з жонкай. Мяне вельмі натхняў яго стыль жыцця, яго прынцыпы, гэтак жа натхняюць і нашыя святары,  і мая жонка: яе імкненне да правільнага глыбокага хрысціянскага жыцця з'яўляецца для мяне добрым прыкладам».

Размаўляла Паліна Маісеева