А вы калі-небудзь спалі на вышыні 4 метры ад зямлі на свежым паветры? Гатавалі аладкі на вогнішчы? Прачыналіся пад гук сапраўднага рога? А мы адкажам: так! З 13 па 21 ліпеня ў лесе пад Івянцом 13 скаўтак і 2 шэфы перажылі сапраўдную летнюю прыгоду.
Сапраўды лагічна паўстае пытанне: што можна рабіць 9 дзён у лесе? Адказ вельмі просты: фармаваць характар, вучыцца заўважаць патрэбу бліжняга, набываць практычныя ўменні, падмацоўваць здароўе і пазнаваць Бога.
Пад'ем штодня а 7:30, малітва, руханка, шыхтаванне. Так пачынаўся наш дзень. Пасля снядання час на навуку спеваў, пасля — Евангелічная гадзіна — час на разважанне над Божым Словам, або адна са скаўцкіх актыўнасцяў (гульня, спартакіяда). Абед і крыху вольнага часу. Імша. Рада кап'я — час, калі дзяўчаты ў сваей малой групе (кап'і) размаўляюць пра перажыты час, ацэньваюць яго, просяць адна ў адной прабачэння, калі гэта трэба. Вячэра. Вогнішча — вяселы вечар са сцэнкамі, гульнямі і спевамі. А 23 гадзіне — Начная ціша.
Сур'езна парушалі гэты парадак мы толькі аднойчы: гэта быў дзень, а дакладней сказаць, ноч Вялікай скаўцкай гульні. Кап'ю трэба было не толькі на працягу ўсей ночы абараняць свой сцяжок, але і здабыць лентачкі іншых коп'яў.
Нягледзячы на дождж і часам не самае цёплае надвор'е, мы вельмі хораша перажылі гэты час. А вынікам скаўцкай прыгоды ў часе летніх вакацый стала залічэнне новых ступеняў — узроўня скаўцкага развіцця, а таксама здабыццё спраўнасцяў — яны адлюстроўваюць ўменні скаўтак у розных галінах ад перакладу з замежнай мовы да апрацоўкі дрэва і пабудовы платформ.
Час праляцеў вельмі хутка. Нашы «лясныя лэдзі» вярнуліся ў горад, працягваючы прыгоду, у якую ўвайшлі на ўсе жыццё, імя якой - Скаўтынг.
Напагатове!