16 лютага ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля (м-н Серабранка), прайшла сустрэча для моладзі, якая жыве і вучыцца ў сталіцы нашай краіны. Сваімі ўражаннямі падзяліўся наш парафіянін Дзяніс Угарэнка, удзельнік Душпастырства Моладзі Хрыста „Адзіныя сэрцам”.
Наша сустрэча пачалася яшчэ ў метро. Ксёндз Уладзімір, сястра Агнешка і сястра Кляра шчыра прывіталі нас сваёй усмешкай. І вось, мы ўжо едзем усе разам у адным вагоне цягніка на першую Інтэграцыйную сустрэчу моладзі Мінска. У кожнага, напэўна, былі свае думкі і ўяўленні аб тым, што ж яго чакае ў гэты суботні вечар.
Сустрэча праходзіла ў араторыі парафіі святога Яна Хрысціцеля, што ў мікрараёне Серабранка. З самага пачатку падалося, што нібыта сам святы Ян адчыніў перад намі свае дзверы. Паўсюль чуліся цёплыя вітанні, свяціліся ўсмешкамі твары арганізатараў і ўдзельнікаў сустрэчы.
Фармат нашага спаткання меў дастаткова вольны характар. Праз гульні, танцы і сцэнкі мы вельмі хутка пазнаёміліся. Шмат хто з прысутных ужо ведалі адзін аднаго з пілігрымак і ранейшых спатканняў. Здавалася, сяброўская атмасфера ахапіла ўсіх адразу.
Асаблівым чынам нас з’ядналі нешпары, якія праводзіла нашае Душпастырства Моладзі Хрыста “Адзіныя Сэрцам”. Усе галасы хлопцаў і дзяўчат былі такія розныя: высокія і нізкія, гучныя і ціхія – але кожны прамаўляў да Пана Бога і славіў Яго Імя. У такія моманты надзвычай моцна адчуваеш сябе часткай нечага аднаго цэлага, пэўнага адзінага жывога арганізма ў еднасці з Богам.
Тры гадзіны нашай сустрэчы праляцелі як адно імгненне. Пасля малітвы ў цішыні і благаслаўлення надыйшоў час развітвацца. Ніхто не сумаваў, бо гэты вечар мы весела і карысна правялі разам. Цяпер, убачыўшы адзін аднаго дзе-небудзь у горадзе, мы безумоўна ўсміхнемся і прывітаемся, бо нас паяднала любоў да Пана Бога.
Спадзяёмся, што такіх сустрэч будзе яшчэ шмат наперадзе, і яны стануць добрай традыцыяй для моладзі Мінска. Шчыра дзякуем хлопцам і дзяўчатам з парафіі святога Яна Хрысціцеля, з катэдральнай парафіі і з Чырвонага Касцёла, а таксама нашым душпастырам і сёстрам за гэты цудоўны вечар. Як добра быць разам, і разам з Панам Богам!



