
Скаўтынг — гэта вялікая прыгода. А прыгоды любяць не толькі падлеткі, але і меншыя дзеці. Таму ў скаўтынгу існуюць адгалінаванні для узросту 8-12 гадоў. Для хлопцаў — гэта «ваўчаняты», для дзяўчынак — «Божыя кароўкі». 26 студзеня прайшла чарговая зборка «ваўчанят». Пад кіраўніцтвам свайго Акелы, нашай парафіянкі Аксаны Ючкавіч, яны пазнавалі джунглі.
Джунглі — месца, дзе жыў Маўглі і воўчая зграя. Менавіта па кнізе «Маўглі» Кіплінга будуецца своеасаблівая ролевая гульня ў хлапчуковай галіне перадскаўтынгу.
Фантастычны свет джунгляў Рэд'ярда Кіплінга выдатна падыходзіць для навучання хлопчыкаў, таму што персанажы кнігі дэманструюць дрэнныя і добрыя якасці, паказваюць, што трэба рабіць, а што не трэба. Хлопцы вучацца самастойнаму мысленню, узаемаадносінам, развіваюць мужнасць, самаадданасць і сапраўднае задавальненне ад добрых учынкаў, а таксама паглыбляюць адносіны з Богам.
Гэтым разам, спачатку сабраўшыся ў памяшканні, «ваўчаняты» даведваліся пра вільготны трапічны лес, а потым перамясціліся на вуліцу, у парк Уга Чавеса, дзе даследвалі нашыя ўмовы — беларускі аналаг джунгляў з яго жывёльным і раслінным светам. Гулялі, хадзілі і назіралі за прыродай, параўноўвалі. Маліліся, гатавалі сабе пасілак.

Аксана Ючкавіч ўжо трэці год адказвае за «ваўчанят» нашай парафіі. Яна прызнаецца, што адным з момантаў, які яе захоплівае падчас правядзення зборак, з'яўляецца тое, што дзеці пачынаюць заўважаць, думаць і разважаць. Шмат задаваць пытанняў, адказваць на іх самі і пытацца ў старэйшых.
«Метад бяседы, — распавядае Аксана, — гэта мой улюбёны метад працы з дзецьмі. Прырода, назіранні за тым, што адбываецца навокал і размовы — гэта тое, на чым расла сама я побач са сваімі бацькамі, побач са сваім братам. Ісці, разглядаць, думаць і рабіць высновы — чатыры дзеянні, на якіх праходзіла маё дзяцінства. Замест ісці — было часамі, канечне, ехаць на ровары, на матацыкле, на татавым старым зілу, жыгулях і інш., потым плыць, скакаць на кані, але не спыняцца».





































