25 лістапада міністранты і лектары нашай парафіі аднавілі абяцанні Літургічнай Службы Алтара і атрымалі ад кс. пробашча Алега пасведчанні на чарговы год службы.

Аднаўленне абяцанняў адбылося ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Хлопцы дзякавалі Богу за ласку паклікання да міністранцкага служэння, урачыста абяцалі выконваць сваю паслугу пабожна, старанна і радасна, на хвалу Божую і дзеля дабра парафіяльнай супольнасці.  

Як адзначыў кс. Уладзімір, апякун Літургічнай Службы Алтара, міністранты даюць добры прыклад для малодшых парафіянаў. Душпастыры падзякавалі за служэнне не толькі ў нядзелю, але і ў буднія дні.

«Служэнне з’яўляецца для мяне вельмі важным, бо я магу ўзрастаць у веры і дапамагаць святарам падчас літургіі», — сказаў Арцём Косік, які выконвае функцыі лектара ўжо тры гады. Па словах лектара Уладзіслава Лянкоўскага, аднаўленне абяцанняў — гэта добрае напамінанне аб абавязках падчас служэння каля алтара.

На сёння ў Літургічную Службу Алтара ўваходзяць 6 лектараў, 21 міністрант і 13 кандыдатаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.