Чуеце, гэта дзіцячыя спевы! Адкуль яны? Мабыць, недзе свята?!” – менавіта так мусілі думаць жыхары Дамброўкі і Кунцаўшчыны раніцай другога верасня. Так, гэта было сапраўднае свята для шматлікіх дзяцей і іх бацькоў, якія сабраліся побач з нашай капліцай на нядзельную св. Імшу, каб развітацца з летнімі дзянькамі і адзначыць пачатак новага катэхетычнага і навучальнага года.

Наша вялікая парафіяльная сям’я ужо даўно не памяшчаецца ва ўтульнай каплічцы, але Пан Бог благаславіў добрым надвор’ем, і шчаслівыя дзеці ад самых малых да старэйшых, размясціўшыся на карыматах, уважліва слухалі Божае слова. Навука была не толькі для дзяцей, да бацькоў таксама былі скіраваны важныя словы святара Уладзіміра Марушэўскага SChr: “Будзьце прыкладам сваім дзецям, прыкладам у веры, у малітве, у служэнні. Ніякае слова не мае такой вагі, як сапраўдны жывы бацькоўскі прыклад”.

Радасць і падзяка - вось настрой, які панаваў падчас і св. Імшы. Падзяка парафіі за выдатнае, багатае на падзеі лета: пілігрымкі і канікулы з Богам, скаўтскія летнікі і музычныя майстэрні, моладзевыя сустрэчы і паездкі. Радасць ад спаткання з сябрамі, адчуванне адзінства парафіяльнай сям’і. Шчырая падзяка катэхетам, апекунам і аніматарам, а асабліва сёстрам і святарам, што гучала не толькі ў словах , але і ў сэрцах прысутных.

Супольная малітва, Святая камунія і благаславенне кс. Пробашча Алега Шпеця SChr на навучальны год - сталі галоўнымі пярлінамі святочнай Імшы. Але і гэта не ўсё, як жа без сюрпрызаў? Сапраўдны леў з мультфільма “Мадагаскар” завітаў у парафію, каб патанчыць і паспяваць разам з дзецьмі, а клапатлівыя парафіянкі частавалі ўсіх смачнымі блінамі з варэннем і гарбатай. Прысутныя ізноў адчулі сябе сапраўднай сям’ёй, сям’ёй, якую стварыў Пан Бог.

Тэкст: Вікторыя Маўчанская

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.