Паводле: «Радыё РМ» / Фота: кс. Аляксандр Улас і Алесь Аляксандраў / Catholic.by   

У апошні тыдзень лета ў мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (м-н Кунцаўшчына) праходзяць чарговыя «Канікулы з Богам».

У аўторак, 28 жніўня, удзельнікі лагера завіталі на студыю «Радыё Марыя» і даведаліся пра працу гэтага хрысціянскага радыё ў Беларусі, памаліліся разам з супрацоўнікамі, а таксама зрабілі невялічкі рэпартаж пра сваё прабыванне ў рэдакцыі.

Адна з арганізатарак летніка сястра Клара CSFN распавяла пра сёлетнія незвычайныя канікулы:

«У гэтым годзе яны называюцца „Цудоўныя канікулы“, таму што на працягу ўсяго тыдня мы разважаем над цудамі Пана Езуса.

А яшчэ больш яны незвычайныя таму, што кожны з нас атрымаў бэйджык, на якім напісана „прэса“. Мы ўсе ператварыліся ў журналістаў.

Адным з нашых заданняў з’яўляецца не толькі назіранне за цудамі Езуса і глыбейшае іх пазнаванне, але таксама і перадача гэтай сенсацыі далей. У кожнай групы — а іх усяго 4 — ёсць свая „газета“, дзе мы штодня пішам, што зрабіў Хрыстус, а таксама занатоўваем свае ўражанні».

Усяго ў «Цудоўных канікулах» удзельнічае больш за 60 дзяцей, а разам з аніматарамі ўдзельнікаў амаль 80.

Вось што кажа пра канікулы з Богам аніматарка Паліна Маісеева: «Галоўнае ў гэтым служэнні тое, што, па-першае, увесь гэты час я магу служыць дзецям і такім чынам прысвяціць яго Богу, а па-другое, нават калі я прыходжу дадому ўвечары вельмі змучанай, я шчаслівая, бо ўвесь час мы былі разам і дзяліліся любоўю Бога з бліжнімі».

«Я ўдзельнічаю ў канікулах ужо другі раз. У мінулым годзе мы былі супергероямі. У нас была свая „Акадэмія“. Мы даведвалілся пра хрысціянскіх „супергерояў“. А ў гэтым годзе мы журналісты. І нам усё вельмі падабаецца, тут вельмі файна», — дадае Багдан Сырыца, адзін з удзельнікаў летніка.

Пасля невялічкай экскурсіі і малітвы на «Радыё Марыя» яго супрацоўнікі прапанавалі камандам, як сапраўдным журналістам, напісаць невялікі артыкул пра іх прабыванне ў студыі.

Вось што з гэтага атрымалася:

«Божыя Анёлкі» заляцелі на «Радыё Марыя»

У нашых «Анёлаў» была добрая магчымасць пабываць у сапраўднай студыі і нават памаліцца ў прамым эфіры. Астатнія «Анёлы» падтрымлівалі сваіх сяброў на прыродзе, слухаючы праз тэлефон эфір і молячыся з імі Вяночак да Божай Міласэрнасці. «Анёлкі» атрымалі яскравыя ўражанні і паабяцалі заляцець сюды зноў.

«Дзецi зайшлi ў пакой, i дзверы зачынiлiся…»

Аднойчы двое ксяндзоў, дзве сястры i iх памочнікі вырашылi прыдумаць такое месца, куды б захацела прыходзiць як мага больш дзяцей. Усё iшло паводле задумы. З’яўлялася ўсё больш i больш ахвотных, усе былi настолькi зацiкаўленыя гэтай новай прапановай, што часам i бацькам хацелася застацца там. Але месца станавiлася ўсё менш i менш, i… ксяндзам i сёстрам нiчога не заставалася, як проста пачаць вывозiць у гэтае месца ўсiх ахвотных.

Аднойчы яны прывезлi iх у невялiчкае памяшканне, якое праз пару хвiлiн, калi загарэлася чырвоная лямпа, зачынілася. I вось тут пачалося самае цiкавае: малiтва i падзяка, усмешкi i радасць, шчырасць i адкрытасць: усё гэта злiлося ў адно, калi мы толькi зайшлi ў студыю «Радыё Марыя».

Уся гэтая прыгода адбылася падчас летніка «Канiкулы з Богам», дзе мы яшчэ больш пазнаём Бога, асаблiва ўсе цуды, якiя Ён здзейсніў, мы праслаўляем Яго нашымi спевамi, танцамi, а таксама добрымi ўчынкамi. Мы вельмi ўдзячныя за тое, што нам далi магчымасць папрысутнiчаць на «Радыё Марыя» i паназiраць за працаю сапраўдных майстраў! А колькi яшчэ незвычайнага чакае нас наперадзе!

Каманда «Вясёлыя Хрыстусоўцы» ў сваёй газеце «Нябесны веснік» напісалі наступнае:

«Пасля доўгага падарожжа нас з цеплынёю прынялі супрацоўнікі „Радыё Марыя“ Яўгенія, Алёна і Алесь. Разам з імі мы правялі эфір, падчас якога памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і Літаніяй да Божай Міласэрнасці».

Магчыма, хтосьці з малых удзельнікаў «Канікулаў з Богам» так гэтым натхніцца, што ў будучыні сапраўды стане журналістам, каб абвяшчаць Добрую Навіну ў беларускай каталіцкай прэсе, дзе сёння пакуль адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.