З 3 да 6 красавіка ў нашай парафіі праводзіліся велікапосныя рэкалекцыі. Іх праводзіў ксёндз Ян Раманоўскі, які нясе служэнне прэфекта ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі ў Гродне.

Галоўнай тэмай рэкалекцый стала асноўная запаведзь Пана — запаведзь любові. Разважанні адносна сапраўднага сяброўства, любові да Бога і да бліжняга пакінулі глыбокае ўражанне і падрыхтавалі добрую глебу для роздумаў і ўзрастання ў цнотах, што таксама стала надзейным падмуркам для плённага перажывання Вялікага посту.

 

За нядоўгі час прабывання ў нашай парафіі ксёндз Ян паспеў не проста з'арганізаваць рэкалекцыі, але таксама зладзіў спатканні для моладзі, для мужчын і для дзяцей і правёў Крыжовы шлях з навукай. Шматлікія вернікі змаглі скарыстаць з сакрамэнту пакаяння і паяднання дзякуючы служэнню ксяндза Яна ў канфесіянале.

У апошні дзень рэкалекцый парафіяне разам з пробашчам сардэчна падзякавалі ксяндзу Яну за ахвяраваны час і адкрытыя нанова праўды веры — такія простыя, але такія важныя для кожнага з нас.

Фота: Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, Марына Слесарчук, Ганна Лукомская

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.