У апошнія выходныя перад Божым Нараджэннем дзеці, моладзь і дарослыя з нашай парафіі, якія належаць да вялікай скаўцкай сям’і, традыцыйна ўдзельнічалі ў развозе Бэтлеемскага святла міру.

Распачалося ўсё ў пятніцу ўрачыстым унясеннем Бэтлеемскага агню ў мінскі Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе яго прыняў біскуп Юрый Касабуцкі. Пасля Святой Імшы нашыя скаўты перадалі святло міру праваслаўным скаўтам.

Субота і нядзеля былі вельмі насычаныя. Прадстаўнікі абодвух звязаў, а таксама вогнішча маладых правадніц і кола маладых вандроўнікаў былі выехаўшы на свае маршруты па Беларусі. Несучы Бэтлеемскі агонь у розныя куткі нашай краіны, скаўты перадавалі святло міру, сустракаліся з людзьмі, перажывалі прыгоды і праводзілі час разам.

У нашую ж парафію Бэтлеемскі агонь быў унесены ў нядзелю. Ваўчаняты і Божыя кароўкі з гонарам выканалі гэтую місію. Таксама дзякуючы ім святло міру атрымалі суседнія парафіі: Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мікрараёне Сухарава і Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыі.

Бліжэй да вечара ўсе адзінкі сабрала аплаткавая сустрэча, якая стала фінальным акордам гэтых дзён.

Тэкст: Андрэй Рамашка
Фота: Адказныя адзінак

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.