У першую суботу месяца, 3 жніўня, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату Аляксандру Шыманскаму, магістру тэалогіі, выпускніку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які паходзіць з нашай парафіі.
Гэтае дыяканскае пасвячэнне ў мінскай архікатэдры стала першым за мінулыя чатыры гады. Ва ўрачыстай святой Імшы з сакрамэнтам пасвячэння ўзялі ўдзел паўтара дзясяткі святароў, сярод якіх былі ксяндзы хрыстусоўцы, кансэкраваныя асобы і вернікі, у тым ліку парафіяне роднай парафіі кандыдата і яго крэўныя.
Вітаючы ўсіх сабраных у мінскай архікатэдры ў гэты «знамянальны, гістарычны дзень» для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Касабуцкі выказаў падзяку Богу за кандыдата да пасвячэння і заахвоціў прысутных падтрымаць яго сваімі малітвамі.
У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі перадусім адзначыў, што пасвячэнне — гэта вялікая радасць для мясцовага Касцёла, пасля чаго прапанаваў паразважаць над значэннем дыяканскага служэння. Іерарх заўважыў, што яно грунтуецца на пакліканні, якое, паводле святога Яна Паўла ІІ, з’яўляецца «дарам і таямніцай»: «Бог выбірае чалавека і дае яму гэты дар».
Адбыўся дыялог біскупа з кандыдатам, у якім апошні, адказваючы на пытанні іерарха, выказаў свой намер адданага служэння Богу ў Ягоным Касцёле, а таксама, уклаўшы свае рукі ў рукі біскупа, паабяцаў пашану і паслухмянасць свайму ардынарыю. Каб Бог дапамог будучаму дыякану выканаць абяцанае, прысутныя ў касцёле маліліся Літанію да ўсіх святых, падчас якой кандыдат ляжаў крыжам перад алтаром.
Нарэшце, біскуп у цішыні ўсклаў рукі на галаву Аляксандра і прачытаў малітву пасвячэння, пасля чаго новапасвячаны дыякан упершыню апрануў уласцівае свайму сану літургічнае адзенне: стулу праз левае плячо і далматыку. Апранацца яму дапамагаў ксёндз Алег Шпець.
Пасля гэтага дыякан заняў належнае яму месца пры алтары і пачаў выконваць сваё служэнне з прыгатавання дароў хлеба і віна для здзяйсненння Эўхарыстыі.
Напрыканцы Святой Імшы катэдральны пробашч ксёндз Дзмітрый Пухальскі прачытаў дакумент на лацінскай мове, якім пацвярджаецца ўдзяленне сакрамэнту пасвячэння ў ступені дыяканату, і біскуп Юрый Касабуцкі ўручыў яго новапасвячанаму.
Пасля гэтага дыякан Аляксандр звярнуўся да прысутных, выказаўшы падзяку Богу і бацькам за дары жыцця, веры і паклікання, а таксама біскупу за ўдзеленае пасвячэнне, кіраўніцтву семінарыі за курс фармацыі і святарам, якія яго падтрымлівалі на гэтым шляху. Ён таксама папрасіў усіх прысутных маліцца за яго, каб Бог суправаджаў яго ў распачатым служэнні.
Пасля Святой Імшы прадстаўнікі злажылі віншаванні на рукі дыякана Аляксандра ад імя ўсёй парафіі св. Яна Евангеліста. І запэўнілі новапасвячанага дыякана ў малітоўнай падтрымцы.