13 красавіка 2024 года адбыўся Баль для моладзі нашай парафіі. 

Мы задалі некалькі пытанняў удзельнікам і арганізатарам свята.

— Насця, ты першы раз удзельнічала ў такім свяце. У вашай праграме было каля 20 танцаў. Якія з іх табе найбольш па душы?

— Так, я першы раз была на Балі, гэта было ва-а-аў! Крута, што ў нашай супольнасці арганізоўваюцца такія шыкоўныя мерапрыемствы. Мне так падабаецца, што і такая падзея, як баль, напрамую звязаная з Панам Богам і Марыяй, з любоўю і радасцю. Са школьных часоў адкрыла для сябе вальс, таму магу сказаць, што яшчэ больш палюбіла яго пасля нашага Балю! (Анастасія Кардаш)

— Каця, якія пачуцці напаўняюць сэрца пасля ўдзелу ў Балі?

— Атрымалася адпачнуць і сэрцам, і душой, напоўніцца натхненнем для наступных спраў. Нягледзячы на тое, што мы танчылі амаль паўдня, пачуцця стомленасці наогул няма, але ёсць пачуццё радасці і чаканне наступнага Балю. (Кацярына Наўмчык)

— Алена, адбыўся чарговы моладзевы Баль з вашым удзелам. Чаму вы гэта робіце?

— Мне падабаецца арганізоўваць балі для моладзі. Гэта ўклад у нашу будучыню. І вельмі спадзяюся, што прыклад таго, як можна выдатна і высакародна бавіць час, не пройдзе дарма. Я бачу, што Баль — гэта выхаванне добрых манер і годных паводзін, асабліва ў адносінах хлопцаў з дзяўчатамі. 

— У лістападзе адбыўся Баль для школьнай моладзі, у якім прыняло ўдзел 12 пар. Колькі ўдзельнікаў сабралася цяпер?

— У Балі ўдзельнічала 13 пар. Наогул, я чакала большай колькасці жадаючых, а напачатку сабралося толькі 9 пар моладзі. Таму запрасілі 2 пары старэйшых школьнікаў. На мой погляд, Баль — гэта падзея такой велічыні, што адкласці яго на «наступны раз» неяк нерацыянальна. Ніколі не ведаеш, а ці будзе наступны раз. 

— Што вы можаце сказаць пра гэтую моладзь у кантэксце падрыхтоўкі да свята?

— Мне падабаецца, што маладыя людзі арганізаваныя і адказныя. Прыемна працаваць, калі ўсе аператыўна галасуюць — будуць ці не, своечасова прыходзяць на рэпетыцыі. А калі я бачу, што рухі вывучаныя (значыць, рэпетавалі дома!), тады маёй радасці няма краю! Знайшліся жадаючыя паказаць творчы нумар, зрабіць дэкарацыі, прэзентацыю і памятныя прэзенты. І атрымалася ну вельмі выдатна. 

— На Балі былі навічкі. Як яны справіліся з прапанаванай праграмай?

— На гэты раз я падняла планку даволі высока. Мы прыбралі з праграмы ўсё прасценькае тыпу «два притопа, три прихлопа». Дадалі прыгожыя вальсы, кантрадансы. У нейкі момант я засумнявалася, ці варта было, таму што сапраўды былі сярод моладзі пачаткоўцы, якім было цяжка. І часу было зусім няшмат — усяго два тыдні і 4 рэпетыцыі. Але! У выніку нічога не мянялі і з усім справіліся. Дарагая моладзь, ганаруся вамі неверагодна. Лічу менавіта гэты Баль самым сапраўдным, якім я ў прынцыпе яго бачу. 

— Хто раздзяляў з вамі труд арганізацыі Балю?

— Мне падабаецца наша сфарміраваная арганізатарская кампанія — мой муж Валера, а таксама Іна і Аляксей Яновічы, кс. Уладзімір Марушэўскі SChr. Калі кожны робіць сваю справу (і вельмі добра!), працэс падрыхтоўкі нашмат спрашчаецца, бо не кладзецца на плечы кагосьці аднаго. Яшчэ нам дапамагае моладзь, якую мы запрашаем у якасці валанцёраў. Ну, і перадусім трэба сказаць, што ўсё гэта атрымліваецца дзякуючы Божай ласцы.

— Можа, нейкі прыклад, дзе вы распазналі гэтую Божую ласку?

— Відавочна, што рука Пана была з намі. Яго почырк лёгка пазнаць. Наш выдатны фатограф Ілона Смушко знайшоўся за дзень да Балю. Вядома, можна назваць гэта «складам абставінаў». Але я дакладна ведаю, што толькі Пан можа так усё зладзіць, што чалавек аказваецца ў тым самым месцы, дзе ў ім вельмі маюць патрэбу. Цуды здараюцца! Дзякуй усім за гэтае цудоўнае, спакойнае і ўтульнае свята. (Алена Шымак)

— Кс. Уладзімір, вы ў сваім календары падзей на гэты год знайшлі месца на Баль ДМХ. Таксама вы рыхтавалі гэтую падзею і самі ўдзельнічалі ў ёй. Скажыце, для вас Баль — гэта пра што?

— Магчыма, хтосьці думае, што рыхтаваць такое свята і ўдзельнічаць у ім — гэта класна і прыгожа. Але я так не думаю! Я думаю, што гэта не проста класна і прыгожа, гэта вельмі-вельмі прыгожа, гэта фенаменальна і здорава! І гэта не толькі таму, што нашыя галантныя юнакі і прыгожыя дзяўчаты танцуюць грацыёзныя танцы, але і таму, што Баль — гэта пра адносіны, пра ўзаемаадносіны — добрыя чалавечыя і так патрэбныя. Я веру, што гэтыя адносіны, якія яны цяпер вучацца будаваць у супольнасці, прынясуць добрыя плады. Маю на ўвазе тыя сітуацыі, дзе трэба будзе не столькі працягнуць руку да танца, колькі падставіць плячо дапамогі ў жыцці, а не прайсці міма.

— Ці адбудзецца падобны Баль у наступным годзе?

— Пасля гэтага Балю я задаю крыху іншае пытанне: Баль-2025 і 50 пар каталіцкай моладзі Мінска? І думаю, што з Божай дапамогай, падтрымкай сяброў і гарачым сэрцам моладзі гэта рэальна! (кс. Уладзімір Марушэўскі SChr

           

 

Фота: Ілона Смушко
Відэа: Карына Рубель, Лізавета Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.