2 снежня 2023 года, у суботу перад Адвэнтам, у нашай парафіі адбыўся цудоўны і ўрачысты Баль для моладзі Хрыста (так звыкла называць сябе школьная моладзь нашай парафіі). Першы Моладзевы баль адбыўся вясной 2023 года. Але асаблівасцю гэтага Балю было тое, што ўдзельнікамі ў большасці была моладзь школьнага ўзросту.
Моладзь рыхтавалася да Балю грунтоўна: развучвалі танцы, прадумвалі прычоскі і г. д. Дзіяна Клянцэвіч піша пра гэта так: «Гэта ўжо другі Баль у маім жыцці. Уражанняў столькі ж, колькі і ад першага, калі не больш. Мне вельмі спадабалася (і гэта яшчэ мякка сказана). Рабіць памятныя падарункі, удзельнічаць у дэкарацыях зала, а затым атрымліваць асалоду ад самога Балю. Прыгожыя дзяўчыны і галантныя кавалеры! P. S. Проста цудоўна! Калі будзе наступны?)))»
Баль пачаўся з сумеснай малітвы, якую правёў кс. Алег у капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра. Пасля чаго загучалі гукі паланэзу — галоўнага прыдворнага танца. Пары пачалі шэсце па зале пад музычнае суправаджэнне. Да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнуўся кс. пробашч Андрэй. А затым быў іспанскі вальс, па-дэ-грас, контрдансы, полька-вуліца, вальс-малютка і шмат іншых танцаў. «Было вельмі прыемна танцаваць з прыгожа ўбранымі дзяўчатамі. Прыемна тое, што дзеля нас, моладзі, пастараліся, што прысвяцілі нам час. Прыгожая, гучная музыка і інтэнсіўны ўдзел у Балі спрыялі добраму настрою, прыемнай стоме і добраму сну))) Жадаю прыняць удзел у падрыхтоўцы да наступнага Балю!» — кажа Раман Рамановіч.
У перапынках паміж танцамі праходзілі конкурсы, гульні, выступалі ўдзельнікі Балю з сольнымі і групавымі нумарамі. Сафія Мартынюк, якая парадавала сваім талентам ігры на фартапіяна, падзялілася сваімі ўражаннямі: «Было вельмі прыемна знаходзіцца на Балі, бо адчуваеш адразу сябе прынцэсай у Божых руках. З дапамогай нашых ксяндзоў і Алены я навучылася танчыць для Бога, хоць зусім не ўмела))) Вельмі шчыра дзякую за гэты Баль усёй моладзі, арганізатарам, валанцёрам і, канешне, Езусу, каторы прыбываў на гэтым Балі ўвесь час і радаваўся разам з намі».
Усё было шыкоўна: добра збалансаваны спіс танцаў і самае галоўнае — атмасфера свята для ўсіх! «Баль быў цудоўны. Пераглядаю фоткі і зноў акунаюся ў гэты дзень. Усё было вельмі класна! Дэкарацыі, музыка, танцы. Было вельмі радасна ўсіх бачыць такімі прыгожымі! Асабліва дзяўчаты — мы, хлопцы, “падалі з ног” ад іх прыгажосці! Дзякуй святарам, што арганізавалі гэты Баль. Чакаю наступны Баль», — дзеліцца Багдан Сырыца.
Сапраўды, зроблена ўсё было так, што кожны адчуваў сябе ўтульна і весела. Шчыра і з любоўю ўсё гэта ўмеюць зрабіць нашыя святары і таленавітая сямейная пара — Валерый і Алена Шымак. Алена распавядае: «Школьны баль. Ці варта? Ці атрымаецца? Ці не рана? Як вядома, не паспрабуеш — не даведаешся. Вырашылі паспрабаваць. Справа ў тым, што балі для рознай узроставай катэгорыі маюць розныя мэты. Баль для сужэнскіх пар — гэта магчымасць правесці час не толькі ў коле сяброў, але галоўнае — са сваёй другой паловай. Баль для старэйшай моладзі — гэта магчымасць бліжэй пазнаёміцца, прыгледзецца адно да аднаго. У шматлікіх літаратурных творах галоўныя героі знаходзяць сваё каханне менавіта на балі)) Я вырашыла пачытаць гісторыю: ці праводзіліся балі для падлеткаў. Аказваецца, навучанне танцам было абсалютна абавязковым з дзіцячага ўзросту. Танцы замянялі сабой спорт. А баль быў магчымасцю пазнаёміцца, завесці сяброў, сацыялізавацца. Для першага балю школьнікаў мы ставілі невысокую планку — танцаў 7—10. Але ў выніку за 5—6 рэпетыцый вывучылі 20 танцаў! Аж дзіўна, наколькі хутка атрымалася падрыхтаваць абсалютных пачаткоўцаў да паўнавартаснага Балю. Вядома, дзе-нідзе спрасцілі, але факт застаецца фактам. Пераглядаючы відэа, я бачу моманты, дзе ўсе так прыгожа, не збіваючыся, выконваюць усе фігуры, ажно сэрца сціскаецца ад радасці, якія малайцы! Прыемна было бачыць трансфармацыю нашых падапечных на працягу падрыхтоўкі. Ад маркотных напружаных асоб на першых рэпетыцыях — да смеху, бесклапотных размоў на апошніх».
















































































































Усе прысутныя былі апранутыя згодна з абавязковым дрэс-кодам: юнакі — у параднай форме, дзяўчаты — у доўгіх сукенках, тым самым падтрымліваючы гістарычную атмасферу сапраўдных танцавальных вечароў.
Радасна было ўсведамляць, што так шмат маладых людзей шчыра захопленыя і акунутыя ў тую эпоху, калі паняцці гонару, годнасці, маралі высока шанаваліся ў грамадстве. Сціплыя позіркі і паклоны, румянец на шчоках, ціхія галасы і стрыманыя манеры — ва ўсім адчувалася, што этыкет мінулых гадоў блізкі сучаснай моладзі не менш, чым інтэрактыўная рэальнасць і электронныя гаджэты… «Дарэчы, я выразна ўбачыла, што Баль — гэта адзін з лепшых спосабаў выхавання мужнасці і жаноцкасці. У наш час межы мужчынскага і жаночага сціраюцца. Адзенне ў першую чаргу робіць усіх аднолькавымі. Які неверагодны кантраст — убачыць нашых юных удзельнікаў прыгожымі дамамі і элегантнымі кавалерамі! Толькі дзеля гэтага варта было ўсё гэта ладзіць. Кавалераў вучылі галантнасці, а дам — уменню гэтую галантнасць годна прыняць. Таксама важна», — заўважыла Алена Шымак.
У падрыхтоўцы да свята моладзь падтрымлівалі бацькі: «Вялікі дзякуй усім арганізатарам, што вырашыліся на гэтую, на мой погляд, абсалютную авантуру. Гэты час трапяткога чакання, падрыхтоўкі, рэпетыцый. Мне як маме было цікава і кранальна назіраць за працэсам, мець магчымасць дапамагчы дачцэ знайсці сваю жаноцкасць, разам прадумваць, які ўбор будзе лепшы. На вялікі жаль, я не змагла ўбачыць дачку ў гэтым вобразе дома. Але першыя фотаздымкі ўразілі да слёз. І ў адзін з вечароў мы глядзелі разам відэа, пілі гарбату, смяяліся, і я ціхенька радавалася, гледзячы на тое, як мая маленькая дзяўчынка ператварылася ў прыгожую элегантную жаноцкую дзяўчыну», — распавядае Ірына Гардынец, а яе дачка Ева дадае: «Натуральна засталіся добрыя ўражанні, але, на маю думку, кожны з нас сам зрабіў гэтыя ўражанні такімі, якія яны ёсць. Я вельмі ўдзячна нашым бацькам і ўсім тым, хто арганізаваў гэты Баль».
На заканчэнне ўсе праславілі Бога ў супольнай малітве, атрымалі благаслаўленне і прагучалі словы ўдзячнасці.
Кс. Уладзімір падсумоўвае ўсё так: «Я пачуў просьбу нашай моладзі, знайшоў падтрымку сабратоў і гатоўнасць служэння з боку сужэнства Алены і Валеры Шымак, а таксама Іны і Аляксея Яновіч. Месяц падрыхтоўкі — і яшчэ адна мара моладзі споўнілася. Мяркую, што водгукі і светлыя радасныя вочы моладзі на фота і відэа з’яўляюцца найлепшым падсумаваннем Балю. За гэтыя цудоўныя сужэнствы, за нашую любімую моладзь, за валанцёраў (Маша, Марта, Маша, Агата — шчыры дзякуй вам!), за гэты Баль — хвала Пану!»
Спампаваць усе фота можна тут.





