Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!

Шаноўныя парафіяне парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ!

Трываючы ў актаве Урачыстасці Божага Нараджэння, ад імя дзяцей і іх бацькоў шчыра дзякуем за дар вашых сэрцаў, за вашыя намаганні, каб сабраць падарункі дзецям парафіі св. апостала Тамаша і св. Яна Боска ў вёсцы Мішкавічы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці.

Перадусім шчыра дзякуем за малітву ў інтэнцыі гэтых дзяцей і іх сем’яў, якая вельмі патрэбная, асабліва іх бацькам, якія ў большасці знаходзяцца на дарозе пошукаў Бога ў сваім жыцці.

25 снежня ва Урачыстасць Божага Нараджэння святы Мікалай наведаў Мішкавічы. Дзеці, нічога не ведаючы аб гэтых вялікіх падарунках ад Вас, звычайна расказвалі малітвы і вершы святому Мікалаю, атрымліваючы цукеркі ад Caritas. Пазней святы Мікалай запрасіў дзяцей падысці да "павозкі з аленямі". Дзеці падыходзілі і атрымлівалі падарункі. Было відаць іх здзіўленне і радасць, і пытанні: «Гэта для нас?» Некаторых дзяцей не было з прычыны хваробы або немагчымасці дабрацца з іншай вёскі. Дзеці вырашылі занесці ім гэтыя падарункі, каб усе маглі ўжо радавацца.

Дзеці ўсведамляюць сабе, што святы Мікалай дзякуючы Вам меў гэтыя падарункі. Яны здзівіліся, што Вы проста падзяліліся сваімі шчырымі сэрцамі, падзяліліся любоўю. І мы спадзяемся, што дзеці і моладзь, беручы ў рукі тое, што атрымалі ад Вас, узгадаюць Вас у сваіх шчырых малітвах, выпрошваючы для Вас патрэбныя ласкі.

Няхай свядомасць таго, што Вы прычыніліся да вялікай радасці гэтых дзяцей і іх бацькоў, дапамагае Вам у штодзённасці бачыць прысутнасць Нованароджанага Збаўцы Езуса Хрыста і Яго вялікай любові да Вас і Вашых блізкіх.

Дзякуем ксяндзам хрыстусоўцам і моладзі за арганізацыю і ўсе старанні, каб перадаць нашым дзецям падарункі. Няхай Добры Бог усім аддзячыць!

    

З малітвай у Вашых інтэнцыях,
а. Анджэй Юхневіч ОМІ — Пробашч
с. Ірына Грыгаровіч Fdlc — Катэхетка
г. п. Шуміліна    29.12.2023

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.