25-26 лістапада ў горадзе Стоўбцы адбыўся асеннік зграі ваўчанят, у якім прыняло ўдзел 11 дзяцей. Гэта быў першы выезд для новага акелы зграі, Вадзіма, і для аднаго хлопца — далікатнай лапкі. Праз увесь выезд чырвонай ніткай праходзіла ідэя ўзаемадапамогі, а тэмай асенніка стала карыснасць змеяў у прыродзе.
Першы дзень выезду распачаўся ў капліцы Святой Імшой, пасля якой усе адправіліся ў Стоўбцы. Гэты дзень быў напоўнены гульнямі і вандраваннем па Стоўбцах. Для ўсіх ваўчанят дапаможны шэф Віталій правёў майстар-клас па вырабе цацачнай змяі, і кожны хлопец зрабіў і ўпрыгожыў змяю, якую ўзяў дадому. Для паглыблення ведаў быў паказаны фільм пра адрозненне ядавітых ад неядавітых змей і шэфы распавялі ваўчанятам пра карыснасць змей. Для лепшага засваення матэрыялу была праведзена віктарына. З яе дапамогай ваўчаняты таксама здавалі залікі: адбыліся адмысловыя гульні “Што? Дзе? Калі?”.
У нядзелю ваўчаняты скончылі свой выезд Святой Імшой у касцёле ў Стоўбцах і шыхтаваннем на тэрыторыі касцёла. Падчас шыхтавання дапаможным шэфам стаў скаўт Даніэль.
Пасля атрымання салодкага пачастунку ваўчаняты вярнуліся бадзёрыя дадому. Выезд у Стоўбцы стаў добрай прыгодай, напоўненай узаемадапамогай, цікавымі гульнямі і пазнавальнымі ўрокамі пра свет прыроды.



















