У верасні скаўткі нашай парафіі на чале з ксяндзом Алегам здзейснілі пілігрымку ў горад святога Якуба, які з'яўляецца адным з найбуйнейшых цэнтраў паломніцтваў у хрысціянскім свеце. Пра цяжкасці і радасці шляху па Партугаліі і Гішпаніі распавяла Маргарыта Капуста — адна са скаўцкіх шэфаў.
Я шмат чула пра Санцьяга. З захапленнем слухала гісторыі сяброў і знаёмых, якія прайшлі гэты шлях. Заўсёды казала сабе і іншым, што я хачу і пабуду там, прайду той шлях.
Дамовіліся мы ісці вельмі хутка — за вячэрай на адных скаўцкіх рэкалекцыях. Пагаварылі, прыкінулі месяц і раз’ехаліся. І так трошку я не верыла, што атрымаеца. Як адным вечарам патэлефанаваў ксёндз Алег. З пытаннямі аб водпуску, квітках і г. д. І тут я зразумела, што мы на шляху ажыццяўлення адной з маіх мараў.
Наконт кампаніі я ні хвілінку не перажывала, бо гэта мае скаўткі, шэфы, з якімі мы не адзін кіламетр прайшлі. Балота адолелі — што тут гарачая Гішпанія?
З першымі крокамі шляху я была ў захапленні такой ціхай радасцю ад таго, што я тут, я іду і куды я іду. Маральна я сябе наставіла, што будзе вельмі складана. Мы з заплечнікамі ходзім, але не больш 15 км, а тут мінімальна — гэта 18-22 км. Першы дзень я прыслухоўвалася да сябе: як зачапіць заплечнік, як адрэгуляваць пояс, плечы, ці падыходзяць красоўкі (другіх, канешне, з сабой не было, але ўсё ж такі), адзенне — думала: белая майка з бавоўны — найлепшы варыянт, якая сінтэтыка, калі так горача!?
Вечарам першага дня былі зроблены вынікі: хадзіць з заплечнікам можна (дзякуй Ангелінцы, якая, проста ідучы міма, кінула: ці не завысока я заплечнік падцягнула?) І аказалася так, высока, прыспусціла — і як другое дыханне адкрылася. Важна не ганарыцца, а прыслухоўвацца да сябра. Што выходзіць трэба раней, бо альберга быў перапоўнены і мы пераплачвалі грошы за апартаменты (наіўным Гішпанія паказала, што гэта быў цудоўны кошт за такія апартаменты на беразе акіяна з асобнымі пакоямі, але гэтага на той момант мы не ведалі). Што майка з бавоўны цудоўная, але ў ёй холадна, калі спынішся на ветры, бо яна доўга сохне на табе і наогул доўга сохне пасля прання.
І так кожны дзень адкрываў пакрыху: людзей, з якімі ідзеш, людзей, якіх сустракаеш, прыроду, архітэктуру, ну і самога сябе.
Было шмат захапленняў, адкрыццяў (як прыемных, так і не вельмі). Напрыклад, я прывезла павагу да нашай Літургіі, хораў і арганістаў, да нашых традыцый. У Партугаліі і Гішпаніі псальм проста чытаюць. І мяне гэта вельмі абурыла. На нядзельнай Імшы ў катэдры няма спеваў, толькі сталыя часткі. Можа, мы так трапілі. У нас Імшы былі ў пакоі альберга, у касцёлах на шляху, вельмі рана альбо калі ўжо стаміліся, але заўсёды нехта пеў псальм і рыхтавалі спевы.
На шляху захаплялася дзяўчатамі, ну і сабой трошкі. Мы сапраўды жылі скаўцкім правам: спявалі, калі было складана. Запяваў, хто мог, — падцягвалі ўсе. Смяяліся і ўсміхаліся, калі было складана. Абмяркоўвалі вострыя вуглы. Прыслухоўваліся адно да аднаго.
Шлях мне пацвердзіў, што мы моцныя ў нашых слабасцях (пар 2 Кар 12:10). Бо толькі Бог надаваў сіл ісці, уставаць, прымаць і захапляцца.