
Чарговы сужэнскі баль, арганізаваны нашай парафіяй, адбыўся ў Хрысціянскім цэнтры імя св. Уршулі 27 мая 2023 года. Але для мяне і майго сужонка гэта быў першы баль у жыцці. Гэта была нейкая казка, якую Бог падараваў 16 парам на паўдня. Таксама з намі быў наш пробашч кс. Алег Шпець, які распачаў гэты баль малітвай і патлумачыў, што і танцам мы можам праслаўляць Бога.


























































Грала музыка, мы кружыліся, усміхаліся, і здавалася, што гэта нейкі прыгожы сон, час ляцеў вельмі хутка. Але баль — гэта не толькі прыгожыя піруэты. Паміж танцамі для ўдзельнікаў балю былі падрыхтаваны конкурсы, вясёлыя гульні і смачны пачастунак. Вельмі прыемна было праводзіць гэты час у кампаніі такіх вясёлых, цікавых і клапатлівых людзей. Чаму клапатлівых? Таму што ўся арганізацыя балю была зроблена самімі ўдзельнікамі балю. Дэкарацыя, прыгожыя кветкі, пачастункі, гульні і конкурсы і нават падарункі! Але пра гэта пазней. Самае галоўнае, што балю не было б без ахвярнай ініцыятывы сям’і Шымак, якія ўжо некалькі гадоў запар ахвяроўваюць свой час, каб навучыць новыя пары ўсім гэтым прыгожым танцам. Кожную нядзелю адбываліся рэпетыцыі, мы вывучылі 23 танцы! І, канешне, у нас былі фатограф, відэааператар і гукарэжысёр. Усё па-крутому! Зараз можна зноў і зноў вяртацца ўспамінамі ў казку, дзякуючы працы ўсіх гэтых валанцёраў.
Амаль усе пары на балі былі не першы раз, і гэта зразумела, бо, адчуўшы адзін раз смак такіх танцаў, больш нельга жыць без іх. Але мне таксама было цікава даведацца пра ўражанні тых, хто быў першы раз. Свой водгук даслаў Дзмітрый: «Нягледзячы на тое, што я рэдка танчу, з першых рэпетыцый з'явілася цікавасць і нават азарт. Свята перасягнула ўсе чаканні, час праляцеў незаўважна, а ў памяці засталіся незабыўныя эмоцыі і ўражанні».


















































































































Пасля балю ўсім хацелася падзяліцца сваім захапленнем ад гэтага свята. Кацярына піша: «Гэты баль быў такім утульным, асабліва цёплым, было так добра, як дома... Дзякуем кожнаму з вас, дарагія сябры, хто падрыхтаваў і правёў гэтае свята! Мы правялі час разам з аднадумцамі».
Сапраўды, гэта не танцы на сцэне, дзе ты хвалюешся, што на цябе глядзяць незнаёмыя людзі, гэта быў сумесны час для сябе і добрая вясёлая кампанія, бо амаль усе ўдзельнікі былі знаёмыя паміж сабой.
А зараз пра сюрпрызы балю. Сям’я Манчынскіх напісала спеў пра баль, цудоўныя словы і выкананне:
Ах, этот вечер, семейный бал
Средь серых будней — души привал.
Зажгутся свечи, закружит вальс
И словно в сказку зовет всех нас.
Увогуле, замест гэтага артыкула дастаткова было б напісаць толькі тэкст гэтага спеву: у ім усё ўжо сказана.
Крыху пазней да нас завітала сям’я Чаган з падарункамі для кожнага ўдзельніка. Людміла нагадала нам, што мы павінны быць святлом свету і соллю зямлі, і кожная сям’я атрымала маленькае сэрца-агеньчык і прыгожа спакаваную соль. Такая частка балю дапамагла нам зноў узгадаць, што наша свята — гэта не толькі каб парадаваць сябе, але мы як хрысціяне кожным сваім учынкам павінны славіць Бога і заўсёды ставіць Яго на першае месца. Удзельніца балю Вольга піша так: «Дзякуй Богу, што мы ёсць адзін у аднаго! Вельмі спадабаўся і крануў нашыя сэрцы сюрпрыз Людмілы і Пашы, якія так прыгожа павіншавалі нас, падрыхтавалі падарункі для нашых вядучых! Конкурсы Караліны, песня Лены і Генадзія. Мне здаецца, я нават упэўнена, што Пан Бог падчас балю ўсміхаўся нам, спасылаў на нас Сваю ласку, і мы ад гэтага былі шчаслівыя!!! Айцу Алегу дзякуй за благаслаўленне нас, за тое, што быў разам з намі, а таксама кожнай і кожнаму, хто быў побач! Дзякуй вам, сябры! Хвала Пану Богу!»
На гэтым радасным водгуку скончу гэты артыкул. Спадзяюся, што яшчэ шмат разоў будзе такі баль і будуць новыя ўдзельнікі. Хочацца, каб як мага больш сужонкаў і моладзі даведалася на ўласным вопыце, што казкі існуюць. Хвала Пану!

























































