21 мая з нагоды заканчэння чарговага фармацыйнага года парафіяльны хор «Effata» разам з ксяндзом Алегам Шпецем правёў дзень у Іўі. Харысты гулялі па вуліцах славутага беларускага гарадка (з якога, дарэчы, паходзяць двое святароў з нашай парафіі: апроч ксяндза Алега, тут мае радзіму ксёндз Андрэй Лысы) і завіталі з экскурсіяй у Іўеўскую мячэць, дзе даведаліся аб гісторыі і любаваліся інтэр'ерам мусульманскай святыні.
Пасля такога насычанага дня хор нёс служэнне на вечаровай Імшы ў мясцовым касцёле. Прыгожы спеў дапаўняў моцнае гучанне аргана, і разам яны праславілі Пана ўзнёслай музыкай.
«У маёй душы арган займае асаблівае месца, — распавядае арганістка Алена Гапановіч. — Гэта складана апісаць словамі, гэта нешта незямное. Люблю гэты інструмент за яго сілу, багацце тэмбраў і веліч. Нездарма яго называюць каралём усіх інструментаў. І вось у нядзелю для мяне было сапраўднае свята: я іграла на аргане 1899 года майстры Ф. Вайсенборга. Дзякуючы гэтай паездцы я па-сапраўднаму напоўнілася ўнутранай прыгажосцю».
Сваімі ўражаннямі ад наведвання касцёла таксама падзялілася Вікторыя Маўчанская: «Можа, увосень або зімою, калі сцены касцёла набрыняюць сіверам і мураваная яго абарона будзе аддаваць халоднай арыстакратычнай абыякавасцю, уражанне будзе іншым, але ўчора, учора ўсё было інакш. На ўзгорку, асвечаны сонцам, цябе сустракае высокі светлы надзейны касцёл, які, здаецца, запрашае ўвайсці ў сваю браму, схавацца, або не, не схавацца, а акунуцца ў мінуўшчыну, пакінуўшы ўсе клопаты звонку.
Я люблю такія касцёлы: старыя, дзе захавалі альбо ахайна аднавілі аздабленне, дзе подых часу не быў прычапураны суцэльна свежай тынкоўкай, дзе на хоры вядуць вузкія каменныя прыступкі, дзе арган займае настолькі пачэснае месца, што хор (не ў поўным складзе) ледзьве змяшчаецца на вузкай палосцы падлогі. Бо тут галоўны — ён, сам Васпан Арган! Стаіш на хорах, спяваеш і адчуваеш падтрымку сцен, бачыш ластавак, што лётаюць пад столяй, свет, што праз вітражныя вокны кладзе выцінанкі на калоны...
Тыя, хто будаваў храмы, ведалі таямніцы, не іначай. Тыя, хто маліліся ў іх, пакідалі частку сябе, не іначай. А тыя, хто спявалі ў іх да нас, пакідалі свой спеў, не інакш...
Я люблю такія касцёлы, люблю такія мястэчкі. Тут цёпла і чыста, светла і ўтульна, тут пачуваеш сябе дома. Тут адчуваеш, які просты, але велічны, які ціхі, але магутны твой дом.
Быў... Якім ён можа быць. І, дай Бог, будзе.
Быць тут з нашым хорам, з нашым пробашчам, з нашай парафіяй — асаблівая асалода».



