У нядзелю 21 мая ў нашай парафіі адзначалася шмат добрых падзей, якія выклікалі радасць і пачуццё падзякі Богу і людзям. Сярод іх былі 10-ая гадавіна святарскіх пасвячэнняў ксяндза Уладзіміра, выезд нашага парафіяльнага хора «Эффата» ў Іўе, а таксама гадавіна Першай Святой Камуніі і заканчэнне катэхетычнага года.
Падчас Святой Імшы а 13.30 нашыя маленькія вернікі, якія ў мінулым годзе першы раз прынялі Езуса ў сваё сэрца, і іх бацькі зноў сабраліся ўсе разам, каб успомніць гэты святочны дзень. Усе актыўна ўдзельнічалі ў Імшы: маліліся, спявалі песні, прыносілі да алтара дары, але самае галоўнае — прымалі Святую Камунію. Таксама адбыўся абрад аднаўлення абяцанняў хросту.
Напрыканцы ўсе дзеці разам з бацькамі падзякавалі святарам і асабліва сёстрам за навучанне падчас гэтага катэхетычнага года і павіншавалі з яго заканчэннем.
Пасля святкаванне працягнулася на вуліцы, дзе ўсе разам танцавалі, гулялі на свежым паветры і смачна частаваліся.