20 мая дзеці, якія ў мінулую нядзелю прынялі Першую Святую Камунію, завяршылі Белы Тыдзень выездам у Жодзіна ў санктуарый Маці Божай Фацімскай. Разам з імі былі бацькі, а таксама іх суправаджалі нашыя святары хрыстусоўцы — ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr і ксёндз Андрэй Лысы SChr, а таксама сёстры назарэтанкі — сястра Марыанна CSFN і сястра Назарыя CSFN

Перад Святой Імшой дзяцей акрапіў і благаславіў ксёндз пробашч Міхаіл Цвячкоўскі. У санктуарыі дзеці разам з бацькамі мелі добрую магчымасць разам памаліцца і ўшанаваць Марыю. На гонар і хвалу Маці Божай Фацімскай дзеці паднеслі ружы. 

З дазволу айцоў марыянаў, якія служаць у санктуарыі, дзеці мелі выдатную магчымасць незабыўна правесці час у гульнях і забавах: футбол, «вода», камандныя гульні, спевы і танцы пад кіраўніцтвам сястры Марыанны і сястры Назарыі. Зведалі дзеці на сваіх галовах законы фізікі: што такое статычная электрычнасць на практыцы і як яе можна адчуць. Але найбольш захапілі дзяцей скокі на батуце, арганізаваным і нацягнутым ксяндзамі і татамі. Адчула сябе «бліжэй да неба» нават сястра Назарыя, якая цяпер не забудзе пачуццё палёту і бязважкасці. І, вядома ж, не абышлося без агульнага пікніка з раскошным шведскім сталом, які таксама быў арганізаваны належным чынам. 

Напаследак святары і сёстры нагадалі дзецям пра тое, каб яны не забывалі, што на катэхезы належыць хадзіць і далей, у наступных класах, і запрасілі ў фармацыйныя супольнасці.

Тэкст i Фота: Алег Грушэцкі

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.