У першую суботу мая ў межах Вялікай навэнны — падрыхтоўкі да 25-годдзя каранацыі Абраза Маці Божай Будслаўскай, якая распачалася яшчэ ў кастрычніку, — у Нацыянальным санктуарыі з усёй Беларусі збіраліся прадстаўнікі розных касцёльных рухаў і супольнасцей. У гэты дзень нашыя парафіяне таксама як прадстаўнікі шматлікіх супольнасцей разам са святарамі і сёстрамі здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Будслаў.

Распачалася праграма ў Будславе з Фацімскага Ружанца, падчас якога многія вернікі таксама маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі.

Самым галоўным пунктам дня стала Святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі пастыр разважаў пра важнасць розных рухаў і супольнасцей, якія разам ствараюць супольнасць усяго Касцёла. Падчас працэсіі з дарамі адным з элементаў стаў гранат. Біскуп зазначыў, што гэта добры прыклад супольнасці: «кожны чалавек — гэта нібы адно зярнятка, якое можа і не даваць шмат соку, але калі яно знаходзіцца разам з іншымі зярняткамі, якія складаюць цэлы плод, то з яго можна атрымаць шмат добрага і карыснага напою».

Напрыканцы Святой Імшы адбылося благаслаўленне мемарыяльнай дошкі ў знак памяці пра айца Віктара Бурлака OFM, былога кусташа санктуарыя.

Пасля распачаўся абед і пачастунак, які праходзіў у доме пілігрымаў імя Папы Францішка. Нашыя парафіяне змаглі падсілкавацца смачным супам, бутэрбродамі з нутэллай і іншымі пачастункамі, паразмаўляць адно з адным, пафатаграфавацца, а таксама паспяваць і паслухаць песні, якія прыгатаваў хор «Божыя ягняткі» разам з Аленай Шымак.

Наступнай часткай праграмы для дарослых стала канферэнцыя, якую правёў наш ксёндз Андрэй Лысы SChr, а дзеці адправіліся на квэст, які падрыхтаваў рух ЭНД і «Сужэнскія сустрэчы» пад кіраўніцтвам Аліны і Максіма Угорычаў.

Тэмай канферэнцыі таксама стала супольнасць.

Ксёндз Андрэй зазначыў, што тое, што мы ўвайшлі ў сваю супольнасць, што выбралі яе, азначае, што мы адказалі на гэтае пакліканне.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што не кожная група ўжо з’яўляецца супольнасцю. «У сапраўднай хрысціянскай супольнасці ў цэнтры будзе стаяць Езус Хрыстус. Усе члены супольнасці ставяць мэтай узрастаць у веры ў Хрыста і даверы да Яго, дзеля Якога яны і ўвайшлі ў яе. Езус Хрыстус будзе з'яўляцца іх ідэалам, правадніком, пастырам. Калі людзі паставяць Хрыста ў цэнтры, то і самі будуць лепш набліжацца адно да аднаго».

Таксама ксёндз Андрэй падкрэсліў, што «мы з’яўляемся жывымі камянямі, з якіх Хрыстус будуе свой Касцёл. Каб кожны камень можна было дапасаваць да іншага, трэба над ім папрацаваць. Таму кожная хрысціянская супольнасць — гэта супольнасць, якая ачышчае.

Супольнасць не павінна быць сродкам, каб дасягнуць толькі сваёй мэты. Трэба будаваць адносіны. Таксама гэта не закрытая група ўзаемнай адарацыі і не месца, куда я хачу ўцячы ад сваіх абавязкаў.

Адказ, якой павінна быць супольнасць, можна знайсці ў Святым Пісанні: "Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах" (Дз 2, 42)».

Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Вяночак да Божай Міласэрнасці, а потым у святыню вярнуліся маленькія вернікі. Яны падзяліліся сваім вынікам квэсту, а менавіта тым, што знайшлі куфар з медалікамі Маці Божай, якія паблагаславіў біскуп Юрый разам з усімі набытымі рэлігійнымі рэчамі.

Завяршэннем дня ў Будславе для нашых парафіянаў сталі розныя цікавыя гульні для дзяцей, танцы і пачастунак, пасля чаго ўсе шчасліва адправіліся дадому.

Усе вярталіся вельмі радаснымі ад цёплых эмоцый, атрыманых за дзень прабывання разам у супольнасці ў Маці Божай.

Асабліва дзякуем нашым ксяндзам і сёстрам за арганізацыю гэтай пілігрымкі, прысутнасць побач і клопат на працягу дня!

Будзем спадзявацца, што сустрэнемся з Маці Божай Будслаўскай у ліпені!

Фота: Алена Бобр, Вольга Саладкевіч, Алеся Стэцкая

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.