15 красавіка наш хор дзяцей «Божыя ягняткі» прыняў удзел у малітве праслаўлення ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ў Мінску. Хор заспяваў «Вось ягняткі маладыя» і «Весяліся і пляскай у далоні».

Такая малітва ладзіцца ўжо другі год запар перад Нядзеляй Божай Міласэрнасці пад дэвізам «Дзеці нясуць міласэрнасць».

«Падзякуем Езусу і праславім Яго за нашае жыццё і за нашых бацькоў. Будзем маліцца аб Божай Міласэрнасці для нашай Бацькаўшчыны і ўсяго свету, каб дзеці маглі нараджацца, каб скончыліся войны, каб усе маглі праслаўляць Езуса, а на свеце было больш дабрыні», — адзначыла с. Часлава Навіцкая USJK, ініцыятар і арганізатар падзеі.

У гэтым годзе для праслаўлення Езуса Хрыста сабраліся дзеці з розных парафій Мінска, а таксама з Жодзіна, Слуцка, Гомеля, Мазыра, Стоўбцаў, Мар’інай горкі і Маладзечна.

Алена Шымак, кіраўнік хора, дзеліцца, што «гэта ўнікальная падзея. Акрамя велізарнага духоўнага сэнсу, малітоўная сустрэча мае практычнае значэнне для хора, дзе можна падзяліцца сваім служэннем і пачэрпнуць вопыту тых, хто, як і мы, славіць Бога ў парафіяльных супольнасцях». Самі «ягняткі» распавялі пра свае ўражанні ад сустрэчы вуснамі Каці Саладкевіч: «Гэта было самае-самае крутое свята Божай Міласэрнасці на ўсім белым свеце. Было вельмі здорава, таму што мы былі разам, мы спявалі і таму што мы — Божыя ягняткі».

На заканчэнне малітоўнай часткі ўсіх благаславіў Яго Эксцэленцыя Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. «Няхай Божая Міласэрнасць праз вашую малітву ратуе свет», — падсумаваў дастойны іерарх.

Пасля малітвы ўсе пасілкаваліся абедам, а дзяцей яшчэ чакала забаўляльная праграма.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.