15 студзеня ў нашай парафіі адбыўся чарговы Баль усіх святых пад назвай «Нараджэнне Езуса Хрыста было такім…». Гэта ўжо шосты баль, на якім можна было пабачыць святых розных стагоддзяў і добра правесці час разам.
У гэтым годзе баль праходзіў у касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай горцы.
Першая частка мерапрыемства адбылася менавіта ў самой святыні. Моладзь пад кіраўніцтвам с. Назарыі Міклаш CSFN паказала цудоўную сцэнку пад песню «Марыя, ці Ты ведала...». Потым усе разам спявалі калядкі і праслаўлялі Бога іншымі спевамі.
Відэа сцэнкі Рамана Рыбака:
Другая частка балю праходзіла ў дольным касцёле. Як заўсёды, былі арганізаваныя салодкі стол, танцы, гульні, «смс-кі з Неба» і ўсімі доўгачаканая латарэя. Удзельнікі мелі магчымасць паразмаўляць, даведацца пра новых святых, пафатаграфавацца і проста адпачыць душой.
Варта адзначыць, што на балі мы ўжо бачым вынік. А колькі часу і сіл займаў працэс падрыхтоўкі для кожнага! Асабліва гэта мерапрыемства карыснае для дзяцей, бо праз яго маленькія ўдзельнікі праходзяць працэс катэхізацыі ў знаёмстве са святымі, стараюцца падабраць неабходны вобраз (у чым ім, канешне, дапамагаюць іх бацькі) і дзеляцца з іншымі, кім яны з’яўляюцца і якімі падчас зямнога жыцця былі гэтыя людзі.
Сваімі ўражаннямі дзеляцца некалькі нашых парафіянаў.
Алена Шымак: «Баль усіх святых – грандыёзная падзея, пра якую нашы дзеці перыядычна кажуць на працягу года, выбіраючы вобраз святога. Падрыхтоўка да гэтага свята – гэта непаўторныя эмоцыі, творчасць, ідэі. Плюс, вядома, трэба вывучыць біяграфію свайго святога і ўмець пра яго расказаць. Што тычыцца асабіста мяне, то прыемна быць на балі проста госцем. Вельмі ўразіла сцэнка – цікавая задумка і выкананне, музычнае суправаджэнне на вышыні! Мяне кранула да глыбіні душы, проста да слёз. Малайцы!
Нягледзячы на вельмі сціплыя памеры залы для такой колькасці ўдзельнікаў, было добра і ўтульна, таму што побач было столькі шчаслівых асоб і ўсмешак. Дзеці, сябры, знаёмыя – і ўсе радасныя.
Дзякуй, дарагія арганізатары, за працу, за смеласць, за час і ўкладзеныя сілы зрабіць свята нам і нашым дзецям!
Дарэчы, дзеці ўжо разважаюць, кім быць на наступным балі».
Дачка Алены, Аліцыя (7 год), кажа: «Баль мне вельмі спадабаўся! Асабліва спадабаліся танцы, якія паказваў анёл, вельмі крутая музыка была! Я выбрала быць святой Агнешкай, таму што яна разам з ягняткам (смяецца).
Але самае радаснае было вось што. Мая сяброўка Ульяна захварэла і не змагла пайсці на баль. А ў яе быў вельмі класны касцюм! Пасля балю мы зайшлі да яе дадому, і я перадала ёй сваю цукерку. І хоць на балі я і засмуцілася, што нічога не выйграла ў латарэю, у душы наступіла такая цішыня і радасць, калі я падумала, што маю сяброўку чакае сюрпрыз!»
Максім Басаў (12 год): «Вядома, баль мне спадабаўся! Нават нягледзячы на тое, што было трохі цесна.
Я быў святым Янам Евангелістам, бо ён наш парафіяльны святы, таксама ён быў пад крыжам Езуса, і Езус даў яму Марыю за маці. Гэта захапляльна!»
Дар'я Шадой: «Мы з дзецьмi ўжо шосты раз прымаем удзел у Балі усіх святых. Гэтым разам праграма была скарочаная, але дзеці ўсё роўна засталіся вельмі задаволеныя – наша ўдзячнасць арганізатарам! Пранікнёнай атрымалася моладзевая пастаноўка: так прыгожа сыгралі, што я ледзь не расплакалася. Якія ж таленавітыя нашыя парафіяне!
Мы з дзецьмі звычайна рыхтуемся да балю загадзя, шыем касцюмы. Сабе я вырашыла выбраць больш-менш сучасную святую і проста набрала ў пошуку запыт “святыя 19-га стагоддзя”. І, гартаючы спіс, пабачыла раптам сярод манахінь-законніц кароткую характарыстыку: “Благаслаўлёная Альжбета Каноры Мора, жонка і маці” – тое, што трэба! Даведалася, што ўсё жыццё яна малілася аб навяртанні сужонка і вымаліла: пасля яе смерці непуцёвы муж стаў францішканінам! Вельмі моцны прыклад трывалай веры і малітвы, калі браць пад увагу абставіны лёсу гэтага сужэнства.
Пераглядаем фота і чакаем новай магчымасці трапіць у “Неба на зямлі”!»
Спадзяёмся, што гэтая добрая традыцыя будзе працягвацца, і ў наступным годзе мы зноў зможам сустрэцца з рознымі святымі тут, на зямлі!
Відэа Паліны Капуста: