Восьмага студзеня, у свята Хросту Езуса Хрыста, адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў 30 пешай пілігрымкі Мінск – Будслаў. Пілігрымаў гасцінна прыняў кс. Францішак Рудзь, які ў прывітальным слове адзначыў: “Сімвалічна, што на аплаткавую сустрэчу пілігрымы сабраліся ў «кавалачку Будслава» ў Мінску – у касцёле Маці Божай Будслаўскай”.
Пасля Вяночка да Божай Міласэрнасці распачалася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі, дабрачынцаў і ахвярадаўцаў, якую ўзначаліў кс. біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх падзякаваў Богу за магчымасць сабрацца, айцам хрыстусоўцам – за арганізацыю пілігрымкі і ініцыятыву аплаткавай сустрэчы. “Гэта вельмі добра, што мы не абмяжоўваемся аднаразовай сустрэчай у пілігрымцы, але калі мы падтрымліваем кантакты, адносіны. Прайшло ўжо паўгады: мы можам нават падзяліцца сваімі ўражаннямі з перспектывы часу: як прайшла для мяне пілігрымка, якія плёны ёсць у маім жыцці?..” Закончылася малітоўная частка спевам “Каралева супакою”, які стаўся гімнам пілігрымкі 2022 года. Пілігрымы, як і летам, аб’яднаўшыся ў кола, праслаўлялі Божую Маці.
Другая частка святкавання адбывалася ў дольным касцёле. Біскуп Юрый благаславіў аплаткі, пасля чаго пілігрымы віншавалі адзін аднаго са святамі. Гурт Jolly Green ствараў святочную атмасферу, спяваючы калядкі розных краін свету. Затым быў паказаны фільм, у якім сабраныя ўспаміны з пілігрымкі.
Напрыканцы кс. біскуп Юрый благаславіў сабраных пілігрымаў і пажадаў зноў прайсці да Маці Божай у гэтым годзе.
Фота Мікалая Новікава:
Фота Ірыны Рубінавай: