27 снежня адзначаецца свята святога Яна, апостала і евангеліста, – галоўнага апекуна і заступніка нашай парафіі. З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў айцец Віталь Даніловіч МІС, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухарава.
З прывітальным словам да вернікаў звярнуўся ксёндз Алег Шпець SChr: «Хочам, як святы Ян, быць сябрамі Хрыста, спачываць блізка каля Яго, адчуваць біццё сэрца Хрыстовага. Каб нашае жыццё было напоўнена духам святога Яна, які ўсяму свету абвяшчаў, што Бог ёсць Любоў, каб гэтая праўда была з намі праз усё жыццё».
Гісторыя з Евангелля распавядала пра здарэнне неўзабаве пасля смерці Езуса, калі Ягоным вучням прынеслі навіну аб тым, што яны страцілі апошнее з таго, што мелі – цела свайго Настаўніка. Аднак нават у гэтым становішчы святы Ян, любімы вучань Хрыста, не страціў надзею, якая дапамагла яму не ўпасці духам у той складаны час. Айцец Віталь падзяліўся асабістымі перажываннямі наконт таго, што ў гэтым неспакойным свеце цяжка адшукаць нагоды для радасці нават падчас свята Божага Нараджэння: « "Людской" безнадзеі і адсутнасці радасці нам хапае; але ведаеце, чым адрозніваецца веруючы хрысціянін ад звычайнага чалавека? Тым, што ў такія моманты, калі няма ніякай надзеі і радасці, мы радуемся, маем надзею. Чаму? Я не ведаю. Я ведаю толькі адно: я веру ў Бога, Які перамог смерць, Які дзейнічае ў такія моманты, калі я не падазраю і не магу ведаць, але ведаю, што Ён мяне не пакіне, і адчуванне блізказці такога Бога дае мне радасць».
Напрыканцы Імшы па традыцыі адбылося асвячэнне прынесенага вернікамі віна на памяць аб тым, як у часы ганенняў на хрысціянаў святы Ян перажыў замах на сваё жыццё, выпіўшы келіх віна з атрутай, якое яму не пашкодзіла.