Чаканне – у гэтым слове змяшчаецца самы глыбокі сэнс Адвэнту, які распачынаецца. Усё навакол падказвае нам, што адвэнтавае чаканне асаблівае, адрозніваеццца ад усіх іншых чаканняў. Бо ў Адвэнце мы рыхтуемся да самага важнага нараджэння ў гісторыі свету – нараджэння Езуса Хрыста.
Душпастырскія матэрыялы для дзяцей з часопіса Mały Gość Niedzielny, якія прапануем на гэтыя дні, пад назвай «Нараджэнне Езуса было такім…» дапамогуць зразумець, чаму нараджэнне Хрыста – гэта ўнікальная падзея і чаму Пан Бог вырашыў паслаць у свет свайго Сына, які стаўся чалавекам. Мы даведаемся таксама аб тым, як выглядала гэтае шматвяковае чаканне Месіі.
У адвэнтавым чаканні нас будзе суправаджаць асаблівы біблійны персанаж – святы Іахім, тата Панны Марыі і дзядуля Езуса. Менавіта ён распавядзе нам пра тое, якім было нараджэнне Езуса Хрыста. Разам з ім мы пазнаёмімся з героямі гісторыі збаўлення – людзьмі, якія на працягу стагоддзяў чакалі Месію, абяцанага Панам Богам, і з прарокамі, якія абвяшчалі Яго нараджэнне. Чаканню нараджэння Езуса Хрыста і Яго другога прыйсця ў канцы свету мы таксама будзем вучыцца ад Марыі і святога Юзафа, а таксама ад тых, хто сустрэў Яго як першага: бэтлеемскіх пастушкоў, старца Сімяона, прарочыцы Ганны і мудрацоў.
А распачнём ад Адама і Евы, якія не паслухаліся Пана Бога. Менавіта тады Пан Бог пастанавіў паслаць свайго Сына ў свет, каб выправіць тое, што яны сапсавалі сваім грахом. Так і пачалася гісторыя нашага збаўлення.
Запрашаем разам перажыць гэтую гісторыю падчас Раратаў, якія будуць адбывацца у нашай капліцы ад панядзелка да пятніцы ў 6.45. Таксама плануем публікаваць фрагменты матэрыялаў на парафіяльным інстаграме.