20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, святую Імшу а 13.30 у нашай капліцы ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Патранальнае свята айцоў хрыстусоўцаў стала добрай нагодай, каб падзякаваць Пану Богу за 90 гадоў існавання манаскай супольнасці ў свеце і 30 гадоў служэння хрыстусоўцаў у Беларусі.
На ўрачыстасці прысутнічалі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, а. Аляксей Філіпенка, нашыя сёстры назарэтанкі: с. Марыанна і с. Назарыя, і шматлікія вернікі.
За гэты час на нашай зямлі працавала 18 святароў гэтага ордэна ў такіх гарадах і мястэчках, як Гродна, Іўе, Геранёны, Суботнікі, Пінск, Брэст, Ганцавічы, Лунінец, Ішкалдзь, Паланэчка, Мінск і Мядзведзічы. Менавіта парафія ў Мядзведзічах стала першым месцам душпастырскай працы хрыстусоўцаў у Беларусі. Сюды ў 1992 г. прыехаў працаваць кс. Міхал Каладзей SChr. Зараз у Беларусі служыць тры ксяндзы хрыстусоўцы, усе ў нашай парафіі: кс. Алег Шпець SChr, кс. Уладзімір Марушэўскі SChr і кс. Андрэй Лысы SChr. Двое іншых святароў з Беларусі нясуць сваё служэнне ў Дубліне (Ірландыя) – кс. Вадзім Ус SChr, і Лас-Вегасе (Злучаныя Штаты Амерыкі) – кс. Сяргей Ангур SChr.
Сама назва – хрыстусоўцы – указвае на Таго, хто з’яўляецца найважнейшым у працы святароў гэтага ордэна. Біскуп Юрый заўважыў, што на працягу гэтых 30 гадоў хрыстусоўцы адзначыліся рознабаковым служэннем, а таксама падзякаваў, што і сёння святары нашай парафіі гатовыя брацца за розныя справы і ахвярна нясуць сваё служэнне нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Пастыр нагадаў словы Езуса Хрыста: «па пладах пазнаеце іх». І сапраўды, гэтых пладоў шмат. За 8 гадоў працы ў Мінску не толькі распачалася будова касцёла, але пастаянна будуецца і ўзрастае парафія – жывы Касцёл. Гэта можна было заўважыць падчас урачыстасці, у якой актыўна ўдзельнічалі розныя супольнасці: прыгожа граў і спяваў хор «Effata», сваё служэнне неслі Літургічная служба алтара і каталіцкія скаўты і скаўткі. А падчас працэсіі з дарамі мы ўбачылі сем’і Суполак Маці Божай і Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта, суполку «Маці ў малітве», школу св. Яна Паўла ІІ, Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» і «Эўхарыстычны Рух Маладых». Дарэчы, гэтае свята з’яўляецца патранальным і для супольнасці ЭРМ, бо менавіта Хрыстус Валадар стаіць у цэнтры яе існавання.
У канцы Святой Імшы айцы хрыстусоўцы аднавілі свае манаскія абяцанні, а парафіяне шчыра падзякавалі за ахвярнае служэнне святароў на нашых землях, пасля чаго ўсе прысутныя разам заспявалі гімн ордэна.
Віншуем Вас, нашыя Паважаныя Душпастыры, і дзякуем Вам за тое, што праз Вашае служэнне мы можам набліжацца да Езуса Хрыста і пазнаваць Яго, што можам вучыцца любіць Яго і адно аднаго. Няхай малітва ўсёй парафіяльнай сям’і за Вас, нашых Ксяндзоў Хрыстусоўцаў, дойдзе да Езуса Хрыста і Ён шчодра адорыць Вас сваім благаслаўленнем.