Ад 1-га чэрвеня, згодна з дэкрэтам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, ксёндз Андрэй Лысы, хрыстусовец, пачаў служэнне ў якасці вікарыя ў парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ.

19 чэрвеня на святой Імшы парафіяне сардэчна прывіталі ксяндзя Андрэя: дзеці ўручылі кветкі, парафіяне ахінулі малітвай, а скаўты ўрачыста адзелі скаўцкі гальштук.

Зараз у парафіі тры святары: пробашч парафіі кс. Алег Шпець SChr і два вікарыя: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr і кс. Андрэй Лысы SChr.

Ксендз Андрэй родам з Іўя. Быў пробашчам у парафіі Св. Мікалая ў Геранёнах, рэктарам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Познані. Апошняе яго месца служэння было ў Шчэціне (Польшча). Ксёндз Андрэй мае ступень доктара тэалогіі, доктарскую працу абараніў ў 2014 годзе ў Варшаве. 

«Як казаў паэт „Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем“. Я рады пасля адзінаццаці гадоў вярнуцца служыць у Беларусь! Асабліва ў гэтую прыгожую супольнасць: да братоў святароў, сясцёр законных і парафію, у гэты жывы Касцёл, — падзяліўся сваімі пачуццямі ксёндз Андрэй. — З Божай дапамогай і без перашкод ад людзей спадзяюся збудуем не толькі духоўны касцёл, а і яго матэрыяльную частку, нашу святыню. Няхай Бог нам у гэтым дапамагае».

 

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.