14–15 мая ўдзельнікі Эўхарыстычнага руху маладых (ЭРМ), якія нядаўна ўрачыста далучылыся да гэтай супольнасці, правялі сваю першую вандроўку ў Івянец. Разам з сястрой Назарыяй, ксяндзом Уладзімірам і аніматарамі дзеці яшчэ больш паглыбіліся ў вучэнне Езуса Хрыста і ў пазнанне Яго прысутнасці ў Эўхарыстыі.

Выезд распачаўся раніцай у суботу cвятой Імшой у нашай капліцы.

Падчас першай катэхезы дзеці разважалі пра caritas — міласэрную любоў. Была запалена свечка — святло Хрыста — сімвал прысутнасці Езуса, які прыходзіць, каб запаліць ў нашых сэрцах агонь міласэрнай любові. Ад гэтай свечкі былі запалены свае асабістыя, як знак таго, што гэтым святлом трэба дзяліцца з іншымі, каб сэрцы ніколі не заледзянелі, а чэрпалі палымнеючую любоў з адзінай крыніцы, якой ёсць Пан Бог.

Каб замацаваць тое, што было пачута падчас першай катэхезы, удзельнікам ЭРМ было прапанавана паказаць сцэнку аб тым, як мы можам праявіць любоў да бліжняга і дапамагчы яму. Выказванне «любоў патрабуе адвагі» стала падмуркам для яе рэалізавання.

Пасля смачнага пасілку была праведзена гульня «Што? Дзе? Калі?». Тры каманды адказвалі на розныя пытанні, якія датычылі ведання Святога Пісання, асноў ЭРМ і інш. І хоць адказаць было не заўсёды лёгка, але, як потым дзяліліся самі ўдзельнікі, было цікава і карысна пазнаць штосьці новае, чаго не ведалі раней.

Другая катэхеза была прысвечана тэме міласэрнасці. Удзельнікі ўзгадалі прыпавесць пра згубленую авечку і Добрага Пастыра, які гатовы пайсці на пошук той адзінай, пакінуўшы 99 іншых, і паглядзелі відэа на гэтую тэму. Дзеці адкрывалі для сябе, што кожны чалавек вельмі каштоўны для Езуса Хрыста, і што не трэба баяцца дазваляць Яму дакрануцца нашых сэрцаў. Таксама разважалі пра тое, што трэба вучыцца ў Езуса праяўляць міласэрнасць да іншых і дапамагаць згубленым авечкам зноў быць адшуканымі.

Кульмінацыяй дня стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — сапраўднага Езуса Хрыста, прысутнага ў постаці Хлеба і Віна. Сустрэча з Езусам дапамагае дзецям яшчэ больш заглыбіцца ў Яго любоў і чэрпаць сілы ад прабывання з найлепшым Сябрам. Адарацыя вучыць заўсёды з пашанай адносіцца да Эўхарыстыі і дзякаваць Езусу за дар гэтага сакрамэнту. Пазнаванне Езуса менавіта праз пакланенне Яго Найсвяцейшаму Целу паглыбляе веру і дапамагае яшчэ больш палюбіць нашага Збаўцу.

Пасля спеваў, разважанняў і хвілін асабістага прабывання і размовы з Хрыстом адбыўся яшчэ адзін важны момант для супольнасці ЭРМ: да руху былі далучаны тры новыя асобы. Ксенія Кановіч, Яна Мяшуткіна і Ева Паўлавец прачыталі тую формулу прыняцця, якую не так даўно прамаўлялі іншыя ўдзельнікі. Дзяўчынкам таксама ўрачыста былі павязаны гальштукі і прычэплены значкі ўдзельнікаў ЭРМ. Напэўна, кожны адчуваў у той момант радасць у сэрцы ад таго, што яшчэ некалькі дзяцей захацелі развіваць свае адносіны з Езусам Эўхарыстычным, а супольнасць заўсёды на гэта адкрыта.

Насычаны дзень завяршыўся вячэрай каля вогнішча і цікавымі гульнямі. Перад сном усе супольна памаліліся літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі і, перадаючы адзін аднаму святло Хрыста, дзякавалі за пражыты дзень, за бацькоў, сяброў, святароў і сёстраў, за супольнасць і ўсё тое, чым адорвае нас наш Збаўца.

Новы дзень распачаўся сустрэчай з Хрыстом у капліцы. Так дзеці яшчэ больш усвядомілі, як важна правільна пачынаць свой дзень, даручаць яго Пану і дзякаваць за пражытую ноч. Нават некалькі хвілін, праведзеных перад жывым Езусам, выстаўленым у манстранцыі, з’яўляюцца праявай любові і пашаны да Яго.

Пасля была праведзена апошняя катэхеза на тэму «Любоў да непрыяцеляў і прабачэнне». Дзеці разважалі над урыўкам з шостага раздзелу Евангелля паводле Лукі (6, 27–28): «Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць». Асабліва была звернута ўвага на тое, як важна вучыцца прабачаць іншых, як гэта рабіў Езус Хрыстус, і любіць нават тых, хто чыніць нам крыўду.

Пасля вясёлай гульні ўсе разам селі ў кола, у цэнтры якога знаходзілася святло Хрыста, каб падвесці вынікі выезду. Дзеці дзяліліся сваімі ўражаннямі, думкамі і водгукамі ад гэтых двух дзён, а таксама дзякавалі арганізатарам сустрэчы. Вельмі важна, што для кожнага гэты выезд прынёс нейкі плён: хтосьці яшчэ больш адкрыў для сябе таямніцу Эўхарыстыі, хтосьці паглыбіў свае рэлігійныя веды, хтосьці знайшоў новага сябра і палепшыў адносіны з іншымі ўдзельнікамі, хтосьці навучыўся яшчэ больш праяўляць сваю любоў да бліжняга і дапамагаць яму.

Апошнія вольныя хвіліны, якія заставаліся перад ад’ездам дадому, многія выкарысталі для таго, каб развітацца з Езусам, выстаўленым у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Выезд зкончыўся так, як і распачаўся, — святой Імшой у Мінску, у нашай парафіяльнай капліцы. Падчас Імшы кожны ўдзельнік ЭРМ змог прыняць святую Камунію і падзякаваць Езусу, прысутнаму ў Эўхарыстыі.

Верым, што падчас такіх выездаў Бог дзейнічае ў дзіцячых сэрцах, кранаецца іх і яшчэ больш уваходзіць у жыццё маладых людзей. Няхай словы дэвізу ЭРМ «Валадар над намі, Хрыстэ, цяпер і заўсёды!» пануюць у сэрцах і думках кожнага ўдзельніка гэтага руху!

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.