9 траўня ў будынку Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра адбыўся чарговы Сямейны баль, агранізаваны сем’ямі руху Equipes Notre-Dame (ЭНД). Акрамя сямейных пар, гэтым разам у балі ўдзельнічала і моладзь нашай парафіі. Прапануем вашай ўвазе некалькі водгукаў ад удзельнікаў і арганізатараў гэтай незвычайнай падзеі, і канешне ж, фотаздымкі.
Алена Шымак
Пераглядаючы фота, відэа, узважваючы свае ўласныя адчуванні ад падрыхтоўкі і самога балю, магу сваім строгім прыдзірлівым арганізатарскім поглядам ацаніць яго так – ЗДОРАВА!
На гэты раз мы запрасілі да ўдзелу моладзь нашай парафіі – Душпастырства Моладзі Хрыста "Адзіныя сэрцам", а таксама сем'і, якія пакуль не знаходзяцца ў руху ЭНД. Сябры, дзякуй вам не толькі за тое, што з радасцю прынялі гэтае запрашэнне, але і за смеласць зрабіць нешта новае, нечаму навучыцца. За тры рэпетыцыі вывучылі каля 20 танцаў! ЗДОРАВА!
Творчы нумар ад моладзі пераўзышоў усе чаканні. Крэатыўна, дружна, за такі кароткі час падрыхтавалі і адрэпеціравалі. А мы маглі глядзець, адпачываць і атрымліваць задавальненне! ЗДОРАВА!
Вырашыцца праводзіць баль на гэты раз было не проста. Хачу сказаць яшчэ раз словы падзякі, вядома ж, майму мужу і нашым сябрам — за падтрымку, добрыя парады, ідэі, і ўсім-усім за дапамогу (мікрафоны, шкляначкі, меню, піца, пошук фатографа, прэзенты). Мы зрабілі гэты баль разам! Дзякуй Богу, што мы ёсць адзін у аднаго! Гэта ЗДОРАВА!

Вольга Луцэнка
Час на балі разам з усімі вамі — вельмі каштоўны, бо гэта тыя хвіліны, якія робяць нас больш шчаслівымі!
Мне асабіста прыносяць асалоду каталіцкія сямейныя балі, якія ўпрыгожваюць, умацоўваюць, прабуджаюць найлепшыя пачуцці ў сужонкаў — любоў адно да аднаго, радасць, мілату, пяшчоту, цеплыню!
Ірына Гардынец
Гэта найцудоўнейшая прыгода у нашым сужэнстве! Дзякуй вялiкi за яе!

Ганна Кабышава
Гэта быў мой першы баль. Вельмі спадабалася адчуваць сябе дзяўчынай, мужчыны клапаціліся пра нас увесь час: пыталіся пра тое, чаго нам хочацца, падавалі ваду, праводзілі куды было патрэбна, прыносілі і ўносілі крэслы, а падчас пасілку рабілі для нас напоі, падавалі ежу.
Ва ўсім адчувалася інтэлігентнасць, высакароднасць. Галантныя мужчыны — белыя пальчаткі на руках стваралі атмасферу балоў мінулых стагоддзяў, дамы — сапраўдныя прынцэсы. Выгляд прыносіў эстэтычную асалоду.
Танцы падабраныя з густам: цікавыя і даволі простыя ў вывучэнні рухі, музыка або запальная, або натхняльная. Самі па сабе танцы ў пары — гэта прыемна і ўнутрана каштоўна. Усё гэта стварыла для мяне дзіўны вечар.
Алеся Стэцкая
Для мяне баль стаў магчымасцю добра правесці свой час. Прыемна было бачыць прыгожых дзяўчат і юнакоў, а асабліва сямейныя пары. Можна было назіраць, з якім клопатам і павагай яны ставяцца адно да аднаго — і сэрца адразу радуецца, хочацца вучыцца браць з іх прыклад. Таксама было вельмі цікава і весела на рэпетыцыях. Усяго за некалькі вечароў мы змаглі зрабіць нямала, нават тыя, хто зусім нічога не ўмеў! Таму дзякуй вялікі ўсім арганізатарам за іх унёсак і намаганні, а таксама за адкрытыя сэрцы!

Вадзім Крывенькі
Гэта быў дзівосны, цудоўны вечар! Шмат танцаў, усмешак, шчырых адносінаў. Была сапраўды вельмі урачыстая атмасфера! Адчувалася, быццам трапіў на баль у які-небудзь палац сямнаццатага стагоддзя.
Я змог яшчэ больш пазнаёміцца з сем’ямі парафіі, сябрамі з ДМХ. Тая пяшчота, высакароднасць, прастата, што сыходзілі ад удзельнікаў баля, проста заварожвалі мяне! А тое пачуццё, што ўзнікала падчас танцаў, галантнага прытрымлівання этыкету не перадаць словамі. Было так крута правесці час у коле сяброў, аднадумцаў. А вальс — мілы, меладычны і арыстакратычны, калі ты з партнёршай ідзеш у адным рытме, адным дыханні, калі вядзеш яе ў танцы як сапраўдны мужчына… Гэта проста неверагодна! А яшчэ і з такімі цудоўнымі, прыгожымі лэдзі, як нашы дзяўчаты!

Раман Рамановіч
Прыгожая шляхетная музыка. Галантныя мужчыны, святочна апранутыя жанчыны. Чаго варты адзiн толькi іспанскi вальс! Так, i ў нашыя часы здараюцца балi. Варта было моцна захацець, добра паклапацiцца аб арганiзацыi, запрасiць адважных... Некалькi сустрэч-рэпетыцый. Прызначыць дату, месца — і вось!
Дык чаму менавіта вальсы, контрадансы, полькi? Можа, таму, што дрэскод (доўгiя сукенкi, касцюмы), адпаведная музыка старадаўнiх часоў дапамагае сужонкам наноў узбудзiць рамантычныя далiкатныя пачуццi адно да аднаго. Быць можа, хтосьцi ўжо i не памятае, калi каханую браў за руку, з пяшчотай глядзеў у вочы. Як тут размаўляць пра бытавыя сямейныя праблемы?! Няхай час пачакае, няхай сэрцы адагрэюцца пасля сцюжы штодзённасцi.

































































































































































































































