
24 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, падчас святой Імшы чатырнаццаць дзяцей і маладых асобаў з нашай парафіі прачыталі формулу прыняцця да супольнасці «Эўхарыстычнага руху маладых» (ЭРМ), у якой выказалі жаданне наследаваць і ўсё больш любіць Езуса і шанаваць Яго, прысутнага ў Эўхарыстыі.
Таксама чатыры аніматары на чале з сястрой Назарыяй Міклаш CSFN узялі на сябе абавязкі выхоўваць ЭРМаўцаў і садзейнічаць іх пазнанню Езуса Эўхарыстычнага.
Новыя ўдзельнікі руху разам з шэфамі ўрачыста атрымалі атрыбуты прыналежнасці да супольнасці – жоўты гальштук і значкі з лагатыпам ЭРМ.
Сустрэча працягнулася супольнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Далей ЭРМаўцаў чакаў пачастунак і цікавыя гульні.
У нашай парафіі суполка руху ЭРМ была заснавана тры гады таму. Пэўны час з-за пандэміі не было магчымасці ладзіць рэгулярныя сустрэчы. Нарэшце, на пачатку гэтага навучальнага года яны аднавіліся і цяпер адбываюцца кожную другую нядзелю.
Мэтай «Эўхарыстычнага руху маладых» з’яўляецца дапамога дзецям і моладзі, якія ўжо прынімаюць Святую Камунію, трываць у любові, сяброўстве і еднасці з Езусам Эўхарыстычным. Для гэтага падрыхтаваная спецыяльная фармацыйная праграма.
«Эўхарыстычны рух моладзі» з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце. Наколькі нам вядома, на сёння суполка нашай парафіі з’яўляецца адзіным актыўным прадстаўніком руху ў Беларусі.























































































