23 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай місіі Добрага Самараніна ў Мінску прайшла малітва праслаўлення ў абарону жыцця «Дзеці нясуць міласэрнасць». У гэтым фестывалі духоўных спеваў выступілі дзіцячыя калектывы з Гомеля, Маладзечна, Мінска, Мар’інай Горкі.
Як зазначаюць арганізатары: «Малітва праслаўлення павінна практыкавацца не толькі тады, калі жыццё напоўнена шчасцем і хочацца спяваць, але асабліва ў складаныя моманты. Праслаўляць – гэта як удыхаць чыстае паветра: яно ачышчае душу, дазваляе не заставацца ў няволі складанага моманту і цемры цяжкасцей, надае сілаў, надзеі і прыносіць сапраўдную радасць».
«“Божыя ягняткі” з радасцю і вялікім жаданнем аднесліся да прапановы спяваць на фестывалі. Удзельнічаць у фестывалі было хвалююча, бо наш хор упершыню спяваў за межамі парафіі, — распавяла кіраўнік хору Алена Шымак. — Падчас самаго фестывалю было адчуванне адзінства і сяброўства. Акрамя таго, што нам давялося праспяваць на сцэне, мы атрымалі вялікае задавальненне ад выступленняў іншых хораў, танцаў, малітвы. Гэта была добрая магчымасць для нашых дзяцей убачыць, што ёсць іншыя парафіі, іншыя хоры, дзе дзеці гэтак жа, як і мы, услаўляюць Бога песняй».



