Артыкул напісаны паводле лекцыі айца Адама Шустака ОР, з якою ён выступаў у Вялікую пятніцу ў Кракаве. Больш лекцый можна знайсці на youtube-канале а. Адама “Langusta na palmie”.

Літургія святла

Цырымонія Пасхальнай вігіліі пачынаецца з Літургіі святла. Перад касцёлам распальваецца вогнішча, якое асвячае святар. Ад гэтага агню запальваецца пасхал, які заносіцца ў ахінуты цемраю касцёл. У сімвале святла, якое ўваходзіць у цемру, заключаецца сэнс усёй літургіі: у зло свету ўваходзіць Пан Езус. На пачатку гарыць толькі маленькі агеньчык на пасхале. Ад яго запальваюцца наступныя свечкі, а потым уключаюць святло і становіцца зусім светла. Перад літургіяй варта знайсці ўнутры сябе такую «цемру» і запрасіць у гэтае месца Езуса.

Пасля мы пачуем спеў “Exsultet” («Абвяшчэнне Пасхі») — гэта старажытны гімн, які праслаўляе Божы план збаўлення і які раней спяваўся падчас хросту. Але змест гэтага гімна вельмі цікавы, бо гэта, па сутнасці, праслаўленне свечкі і пчалы, якая зрабіла воск. Варта ўслухацца ў гэты тэкст, бо ён цудоўны. З аднаго боку мы святкуем вялікую падзею — збаўленне свету, а з другога боку Касцёл засяроджваецца на адной пчале, дзякуючы якой мы можам святкаваць. Гэта вялікая прыгажосць літургіі Касцёла.

Літургія слова

Пасля Літургіі святла пачынаецца Літургія слова. Яна будзе працягвацца вельмі доўга. Чытанні апавядаюць пра ўсю гісторыю свету. Мы слухаем пра тое, што адбывалася з намі, людзьмі, ад самага пачатку, адкуль мы ўзяліся, што пасля пайшло не так... Перад Евангеллем мы заспяваем «Аллелюя», якое адрозніваецца ад таго, да якога мы прывыклі, — яно даўжэйшае і вельмі радаснае. З пункту гледжання літургіі менавіта ў гэты спеў Касцёл укладвае «момант уваскрасення». А пасля яго мы пачуем Евангелле пра змёртвыхпаўстанне. Мы ўбачым у Евангеллі перамогу Езуса над усёю цемраю і смерцю. Анёл, седзячы каля гробу, кажа людзям: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Усё, што памерла, Езус уваскрашае...

Літургія хросту

Тое, што Касцёл паказаў праз вобразы (святло, Божае слова, розныя літургічныя знакі), сапраўды адбываецца ў чалавеку, які яшчэ знаходзіцца ў цемры — гэта цэнтральны сэнс Пасхальнай вігіліі. Бо гэтая літургія — найлепшы час, калі можа адбывацца хрост дарослых або дзяцей. Мы ў сваю чаргу падчас Пасхальнай вігіліі будзем аднаўляць абяцанні хросту. Пасля гэтага пачнецца Эўхарыстычная літургія. Праз усе гэтыя часткі літургіі праходзіць матыў хросту. Пасхальную вігілію можна яшчэ назваць Літургіяй хросту. Бо яна, як і хрост, павінна абуджаць і ажыўляць нас да паўнаты жыцця.

Што такое хрост? У хросце Божая прысутнасць сыходзіць на чалавека і абуджае ў ім ўсё самае лепшае, што Бог стварыў у нас. На працягу ўсёй літургіі мы павінны прасіць Хрыста: «Разбудзі, абудзі мяне, каб я перастаў спаць». Калі ты маеш такое адчуванне, што тваё жыццё «спіць» або з’яўляецца цяжкім і балючым, не расцвітае, у ім мала святла, то падчас гэтай літургіі прасі ў Бога: «Разбудзі мяне». Мы, ахрышчаныя, маем у сабе самае лепшае ад Бога, але часам нам трэба прасіць Бога абудзіць нас, таму Пасхальная вігілія — самы лепшы час для гэтага. І тут гаворка не пра эмоцыі, не пра добры настрой, а пра сапраўднае жаданне жыць напоўніцу, па-сапраўднаму, не марнаваць свайго жыцця. Часам мы не ведаем, як гэта зрабіць, але варта абуджаць у сабе такое прагненне.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.