3 сакавіка ў парафіі святых Яна Евангеліста і Максімільяна Марыі Кольбэ 12 хлопчыкаў былі прынятыя ў міністранты. Пасля таго як яны склалі прысягу, кожны міністрант з рук душпастыраў кс. Уладзіміра Марушэўскага і кс. Алега Шпеця атрымаў асабістую комжу і пасведчанне міністранта. Маючы такое пасведчанне, яны могуць служыць пры алтары ў любым касцёле.
Кожны міністрант перад гэтай падзеяй павінен быў здаць два іспыты: тэарэтычны і практычны. У падрыхтоўцы ім дапамагалі старэйшыя міністранты, асабліва лектары.
Вось што кажа пра гэту падзею непасрэдны яе ўдзельнік, 13-гадовы міністрант Юрый Пукіта: «Я задаволены, што стаў міністрантам. Гэта значыць, што я перайшоў на новы ўзровень, у мяне з’яўляецца шмат новых магчымасцяў, больш адказнасці, канешне ж, і я станаўлюся бліжэй да Бога».
«Я сам быў міністрантам з другога класа і для мяне заўсёды як для хлопца было важным гэтае служэнне: я хацеў служыць пры алтары, было гэтае прагненне, — падзяліўся сваімі думкамі апякун Літургічнай Службы Алтара ксёндз Уладзімір Марушэўскі. — Падчас семінарыйнай фармацыі на клопат пра святую Імшу звярталася вялікая ўвага. Пашырэнне культу Эўхарыстыі з’яўляецца адной з асноўных рысаў духоўнасці хрыстусоўцаў. Таму і ў нашай парафіі мы асаблівую ўвагу надаем Літургіі, у тым ліку ЛСА. Лічу, што сённяшняя падзея — гэта свята не толькі для ЛСА, але для ўсёй парафіі. Я асабіста вельмі рады і ганаруся, што наша Літургічная Служба Алтара ўзрастае. Спадзяюся, што ў жыцці новых міністрантаў гэтая падзея прынясе добрыя плады».











































































































