Суботні дзень 19 лютага ў парафіяльнага хора «Эффата» пачаўся рана і незвычайна. Пакінуўшы прывычныя суботнія заняткі, удзельнікі спяшаліся на сустрэчу. Харыстаў гасцінна прыняў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Такі фармат харавой сустрэчы праводзіўся ўпершыню.

Першым пунктам праграмы быў майстар-клас ад Любові Пукіта, прафесійнай тэатральнай актрысы, якая таксама і ўдзельнічае ў хоры. Гульні, жарты, смех стварылі цёплую і ўтульную атмасферу і дапамаглі пазнаёміцца бліжэй.

Паглыбіць веды харыстаў пра Літургію, навучыць правільна выбіраць адпаведныя спевы на св. Імшу (што часам бывае вельмі няпроста) узяў на сябе адказнасць кс. Уладзімір.

Ну і, канешне ж, спевы. Наша драўляная капліца мае вельмі спецыфічную акустыку. Адчуць у поўнай меры багацце і хараство шматгалоснага спеву вельмі цяжка. Таму, калі хор загучаў у сценах капліцы на Серафімовіча, на вачах у некаторых выступілі слёзы.

Кульмінацыяй сустрэчы стала св. Імша за кожнага ўдзельніка і падзяка Госпаду за магчымасць служыць Яму талентам спеву.

А што далей? Далей — болей. :-) Болей і глыбей! Спяваць, славіць, развівацца.

Хочацца таксама нагадаць, што жадаючыя могуць далучыцца да хору. Мы спяваем на кожнай нядзельнай святой Імшы а 12-й гадзіне.

Да сустрэчы!

Тэкст: Алёна Кот

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.