У гэтыя выходныя, 11-13 лютага, дзяўчаты са старэйшай моладзі нашай парафіі ўдзельнічалі у адмысловых рэкалецыях, якія праходзілі ў Навагрудку. Тэма рэкалекцый: «Сарра: як навучыцца быць „прынцэсай Бога“». Гэта не выпадкова, бо імя Сара — значыць «князёўна» або «прынцэса». А калі Бог змяніў імя Сары на Сарра, яна стала звацца «Князёўнай мноства». Пад мноствам маецца на ўвазе народ.

Рэкалекцыі праводзілі сёстры назарэтанкі: сястра Назарыя Міклаш і сястра Імэльда Пятрова, а таксама айцец Віктар Мялешка, францішканін.

Падчас гэтых трох дзён, згодна з тэмай рэкалекцый, дзяўчат называлі прынцэсамі: «Прынцэсы, хадземце есці», «Прынцэсы, запрашаем на канферэнцыю» і г.д.

На самым пачатку, падчас адмысловага лёсавання, кожная «прынцэса» выцягнула абразік з Езусам, на адваротным баку якога было напісана імя дзяўчыны, за якую трэба было маліцца на працягу гэтых трох дзён.

На канферэнцыях рэкалекцыяністы расказвалі пра Сарру, яе якасці, пра яе адносіны з Богам і згадвалі сітуацыі, праз якія ёй трэба было прайсці: гэта і адносіны з Абрагамам, і іх розніца, і абяцанне Богам вялікага патомства, і тое, што Абрагам аддаў яе фараону, сказаўшы, што яна яго сястра; і давер Сарры да Бога, і недавер, калі яна смяялася, даведаўшыся, што будзе мець сына; і яе рашучасць і вера.

Кожны дзень дзяўчаты атрымлівалі картку з фрагментам са Святога Пісання і тэмамі для разважання: вернасць, рашучасць, вера. На суседняй старонцы былі напісаны пытанні, якія дапамагалі глыбей пазнаць Божае слова і суаднесці яго да сябе і свайго жыцця. Такія медытацыі можна было правесці, седзячы ў любым кутку дома, адасобіўшыся ад іншых, ці гуляючы па Навагрудку або на тэрыторыі рэкалекцыйнага дому, гушкаючыся на арэлях альбо папівая гарбату.

Адной з асаблівасцяў рэкалекцый было маўчанне: дзяўчаты размаўлялі толькі падчас пасілкаў. Таму адразу пасля малітвы перад ежай вочы дзяўчат пачыналі ззяць, і кухня напаўнялася гоманам, актыўнымі размовамі і смехам, нібы дзяўчаты не бачыліся некалькі гадоў. Аднак усё гэта сціхала разам з малітвай пасля пасілку.

Другі дзень завяршыўся агульнай адарацыяй, на якой дзяўчаты «дакраналіся да плашча Езуса», як гэта зрабіла жанчына, пакутуючая на крывацёк (Лк 8, 43-48), і маліліся аб духоўным і фізічным аздараўленні. На працягу ночы кожная «прынцэса» магла выбраць 45 хвілін на асабісты час з Езусам і, па жаданні, напісаць Яму ліст.

              

У нядзелю, у апошні дзень рэкалекцый, сястра Назарыя адвяла дзяўчат ў фарны касцёл, дзе знаходзяцца парэшткі сясцёр мучаніц, і распавяла іх гісторыю. Перад тым, як раз’ехацца па дамах, усе наведалі месца растрэлу адзінаццаці сясцёр, якое знаходзіцца ў лесе, недалёка ад горада.

«Я яшчэ ніколі не знаходзіўся так доўга пад адным дахам с прынцэсамі. Акрыў для сябе цэлы новы сусвет» — дзяліўся айцец Віктар напрыканцы рэкалекцый.

Тэкст, Фота i Відэа: Паліна Ташцімірава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.