
Імя святога Блажэя вядома дзякуючы таму благаслаўленню, якое ўдзяляецца ў яго літугрічны ўспамін 3 лютага. Падчас благаслаўлення святар, трымаючы ў руках дзве скрыжаваныя свечкі, моліцца: «Няхай Бог праз заступніцтва святога мучаніка Блажэя вызваліць цябе ад усялякіх хваробаў горла і ад усялякага зла».
Пра святога Блажэя варта таксама памятаць, калі, прыступаючы да споведзі, мы адчуваем «костку ў горле», якая перашкаджае нам вызнаваць цяжкія грахі. Такое адчуванне можа скончыцца духоўнаю смерцю, таму трэба прасіць святога Блажэя аб дапамозе.
Святы Блажэй быў лекарам. Жыў у другой палове ІІІ стагоддзя, у Цэзарыі Кападокскай (пазней правінцыя Малая Арменія) у горадзе Себаста (сённяшні Сівас, Турцыя). Быў шчырым хрысціянінам і належаў да супольнасці вернікаў, якая ў тыя часы часта пераследавалася. Ён, багаты і паважаны чалавек, меў магчымасць сустракацца з беднымі, занядбанымі людзьмі і рознымі спосабамі дапамагаць ім. За прыкладныя, цнатлівыя паводзіны яго паважалі ва ўсіх грамадскіх асяродках.
Калі ў Себасце памёр біскуп, вочы ўсіх скіраваліся на Блажэя: людзі хацелі бачыць яго на чале хрысціянскай супольнасці. На сваім новым адказным месцы біскупа Блажэй стараўся з усіх сіл, каб умацаваць хрысціянаў і весці іх да святога жыцця ў веры.
Легенда гаворыць, што аднойчы здарылася нязначнае, але вельмі небяспечнае здарэнне. Маленькі хлопчык падавіўся косткаю, якая засела ў горле і стала прычынаю моцнага ацёку. Хлопчыку пагражала ўдушэнне. Біскуп Блажэй вельмі хацеў аблегчыць цярпенні дзіцяці, аднак не меў спецыяльных інструментаў для медыцынскай дапамогі. Біскуп са спачуваннем дакрануўся да шыі хлопчыка і зрабіў над ім знак крыжа, і раптам хлопчык пачаў роўна дыхаць, ацёк зменшыўся, а потым зусім знік.
Святы Блажэй быў замучаны ў 316 годзе. Рымскія ўлады спачатку ўгаворамі, просьбамі, а урэшце катаваннем імкнуліся прымусіць біскупа адмовіцца ад Хрыста. Блажэя білі розгамі і палкамі, жалезным грэбенем адрывалі кавалкі цела. Затым здзекі яшчэ больш узмацніліся. Урэшце ўжо цалкам замучанаму Блажэю, з цела якога бруілася кроў, адсеклі мечам галаву.









