Ужо хутка, падчас Вігілійнай вячэры мы будзем дзяліцца між сабой аплаткай. Таксама ў касцёлах у парафіяльных супольнасцях адбудуцца аплаткавыя сустрэчы. Можа, у гэтым годзе, як і год таму, згодна з прадпісаннямі бяспекі, яны пройдуць не так паўсюдна, як некалі, аднак традыцыя дзялення аплаткай не павінна губляць сэнс пад націскам перашкодаў, але аб’ядноўваць веруючых, запальваючы ў іх сэрцах агеньчык для Езуса. Як і адкуль з’явілася гэтая традыцыя?

Што ж, трэба пачаць з таго, что аплатка (ад лацінскага oblatum — «ахвярны дар») — гэта вельмі тонкі белы прэсны хлеб, выпечаны з пшанічнай мукі і вады без дадавання дрожджаў.

Традыцыя дзяліцца аплаткай сыходзіць каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Першапачаткова яна не была звязана з Божым Нараджэннем, гэта быў сімвал духоўнай камуніі членаў хрысціянскай супольнасці. Звычай асвячэння хлеба называўся еўлогіяй. Еўлогія (грэцк. «добрае слова») — благаслаўленне ў раннім хрысціянстве. Вернікі прыносілі ў храм хлеб і перад Імшой клалі яго на алтары. У адпаведнасці з верай Касцёла, моцай Езуса Хрыста біскуп ператвараў частку хлябоў у Цела Езуса, а астатнія благаслаўляў пасля Імшы. Гэта і была еўлогія — асвечаны хлеб. Яго елі тыя, хто не прыступаў да святой Камуніі. Таксама прысутныя на святой Імшы вернікі адносілі благаслаўлёны хлеб тым, хто па розных прычынах не змог прыйсці ў касцёл, хлеб адпраўлялі сваякам і сябрам.

Практыка перадачы еўлогіі пачала знікаць у IX стагоддзі з-за ўказаў Каралінгскіх Сінодаў, якія хацелі захаваць адрозненне, якое пачало размывацца, паміж Целам Хрыста і благаслаўлёным хлебам.

Цікава, што аплаткі, якімі дзяліліся на Божае Нараджэнне, былі не толькі белымі, але і рознакаляровымі. З іх рабілі ёлачныя цацкі, а таксама часта давалі сельскагаспадарчым жывёлам, лічачы, што такое вялікае свята варта падарыць і ўсім жывым істотам.

Аплатка — гэта сімвал прымірэння і прабачэння, знак сяброўства і любові. Дзяленне ёю на пачатку Вігілійнай вячэры паказвае жаданне быць разам, быць адным цэлым. Аднак яна мае сваю сімволіку не толькі ў духоўным вымярэнні, але і матэрыяльным. У гэтым кантэксце ёсць аднясенне да малітвы «Ойча наш»: каб не бракавала нам «хлеба нашага штодзённага». Сімволіка хлеба мае яшчэ адно вымярэнне: трэба быць добрымі, як хлеб, і як хлеб дзялімымі.

Жадаем вам добрага перажывання святаў Божага Нараджэння, адзінства і супакою.

Падрыхтавала Паліна Ташцімірава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.