З 17 па 20 жніўня юнакі і дзяўчаты з Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя Сэрцам» на чале з ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr вандравалі па неверагодных мясцінах Гродзеншчыны.

Першым месцам у маршруце сталі Гальшаны, дзе моладзь нашай парафіі наведала касцёл св. Яна Хрысціцеля і руіны Гальшанскага замка. Далей ДМХ накіравалася ў Іўе, Геранёны і Астрыно, а таксама завітала да Маці Божай Тракельскай.

Пярлінай агульнага адпачынку стаў сплаў на байдарках па Аўгустоўскім канале ў другі дзень вандроўкі. Бурнае цячэнне і звілістае рэчышча заўсёды трымалі напагатове і не давалі засумаваць, а шырокія прасторы водаў канала і магутнага Нёмана дапамаглі ўбачыць усю прыгажосць беларускай прыроды. Вельмі цёплыя ўспаміны захаваліся ад святой Імшы на вольным паветры, а алтар з байдарак і букет палявых кветак надалі ёй асаблівую прывабнасць.

Далей шлях «Адзіных сэрцам» ляжаў праз Гродна, дзе моладзь правяла ўвесь дзень. Там яна наведала некалькі выдатных мясцін, пачынаючы ад непаўторнага Фарнага касцёла cвятога Францішка Ксавэрыя. Апроч гэтага, ДМХ заглянула ў госці ў гродзенскі Назарэт, сустрэлася з сястрой Клярай і пачаставалася смачным абедам. Дзень скончыўся вячэрай у рэстаране, у якім адкрываецца цудоўны від на начны горад. Там моладзь мела магчымасць бліжэй пазнаць адно аднаго, адказваючы на цікавыя, загадзя падрыхтаваныя пытанні.

Вераніка Манкевіч, адна з удзельніц адпачынку распавядае: «Засталася ад выезду пад вялікім уражаннем. Гэта было акурат тое, што трэба, каб “перазагрузіцца”. Спадабаліся месцы, якія мы наведалі ў першы дзень, таксама ўбачыла Гродна па-іншаму. Асабліва запомніліся байдаркі, добры час, а самае галоўнае — гэта людзі, якія мяне атачалі. Рада, што зблізілася з многімі, убачыла іх з іншага боку. Чарговы напамін, які ж велізарны дар — супольнасць».

Апошні дзень адпачынку завёў сяброў у адзіны ў Еўропе санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, дзе ім пашанцавала пазнаёміцца з пробашчам парафіі ксяндзом Чэславам Паўлюкевічам. Фінальнай кропкай маршруту сталі так званыя беларускія «Мальдзівы» ці крэйдавыя кар'еры.

Акрамя незабыўных уражанняў і яркіх эмоцый, ДМХ «Адзіныя сэрцам» глыбей пазнавалі Божае слова і саміх сябе падчас штодзённай святой Імшы, асабістых разважанняў над Евангеллем і дзяленняў у групах тым, як Бог дзейнічае ў жыцці.

«Ні кроплі не шкадую, што вырашыла паехаць. Гэтыя дні сталі для мяне часам духоўнай змены і напаўнення, — дзеліцца ўражаннямі Алеся Стэцкая. — Зараз маё сэрца напоўнена любоўю Бога і даверам да Яго, а таксама цеплынёй і ахвярнасцю бліжніх. Супер класна адчуваць сябе часткай супольнасці як адной дружнай сям'і, якую аб'ядноўвае Езус. Бязмерна ўдзячная кожнай роднай душы нашага ДМХ разам з ксяндзом Уладзімірам. Вы неверагодныя!»

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.