
У нядзелю 18 красавіка мы развіталіся з сястрой Агнешкай Рамашка CSFN. Сястра назарэтанка служыла ў нашай парафіі амаль 3 гады. І вось надыйшоў час расстання. А наступным этапам яе служэння будзе нунцыятура ў Велікабрытаніі, у Лондане.
Сястра прыйшла да нас восенню 2018 года, і з гэтай пары ў цудоўным тандэме спачатку з сястрой Клярай Волчак CSFN, а потым з сястрой Мар’янай Алешчык CSFN апекавалася нашымі дзеткамі. Яна вяла заняткі катэхезы для малодшых дзяцей, узначальвала падлеткавы хор Agape. Шмат забаў з яе ўдзелам адбывалася і падчас летняга лагеру “Канікулы з Богам”. Прыгожае аздабленне каплічкі кветкамі — гэта таксама яе служэнне.
Шмат дзетак і іх бацькоў сабралося на святой Імшы а 10.30. Гэта была магчымасць апошні раз разам з сястрой Агнешкай паўдзельнічаць у набажэнстве і заспяваць прыгожыя песні, а таксама выказаць пашану і ўдзячнасць за яе служэнне. Вочы сястры то свяціліся радасцю і пяшчотай, то напаўняліся слязьмі. А дзеткі стараліся спяваць як мага прыгажэй.

На заканчэнне святой Імшы малыя парафіяне прачыталі кранальныя вершы для любімай сястры. Было шмат абдымкаў і ўсмешак. Хор малодшых дзяцей “Божыя ягняткі” заспяваў песню:
“Сястра Агнешка, бывай
і нас не забывай.
Богу ўдзячныя за Вас,
прыязджайце яшчэ да нас!”
Пасля слова ўзялі бацькі. “Паважаная, любая сястра Агнешка, Вашае служэнне можна параўнаць з працай садоўніка. Вы “палівалі” нашых дзяцей любоўю, сеялі ў сэрцы кожнага дзяцяці любоў да Бога. Мы вельмі ўдзячныя Вам за гэта”, — кажа Вольга Луцэнка.
Словы падзякі і найлепшыя пажаданні выказаў таксама і ксёндз пробашч Алег. “Калі хтосьці гаворыць пра сястру Агнешку – гаворыць пра ўсмешку”, – сказаў ён. І пажадаў надалей несці Божую любоў і ўсмешку людзям, запэўніў аб дары малітвы ў інтэнцыі сястры.
“Удзячная Пану Богу, перш за ўсё за тое, што ён мяне тут паставіў. Я памятаю той дзень, калі ўпершыню прыйшла ў парафію. І першае, што запомнілася мне ў маім сэрцы, – гэта атмасфера сям’і. Хочацца падзякаваць кожнаму з гэтай сям’і. А найбольш, дзеткі, вам, за тое што вы будуеце гэтую сям’ю, за вашыя адкрытыя на Пана Бога сэрцы”, – звярнулася да прысутных расчуленая сястра.

– Якая яна, сястра Агнешка? – запыталіся мы ў аднаго з маленькіх парафіян, Даніка Ваяводскага.
– Харошая, добрая.
– А што найбольш запомнілася аб сястры?
– Як яна ўсміхалася і жартавала з намі, як праводзіла катэхезу, давала нам маляваць малюнкі. Любіла нас.
Доўгі час яшчэ не адпускалі дзеці і бацькі сваю “настаўніцу” і апякунку, кожны хацеў асабіста выказаць добрыя словы і зрабіць фота на памяць. А на Імшы а 12-ай гадзіне з сястрой развітваліся дарослыя.
Мы таксама хочам падзякаваць сястры Агнешцы за яе служэнне ў нашай парафіі, пажадаць добрага шляху пад няспыннай Божай апекай і выказаць надзею, што гэтае расстанне — гэта не “бывай”, але “да пабачэння”.









































