Можа здавацца дзіўным, але літургічнае ўшанаванне святога Юзафа з’явілася не адразу пасля евангельскіх падзей, а толькі ў сярэднявеччы падчас крыжовых паходаў. Пад канец XI стагоддзя крыжакі збудавалі ў Назарэце бызыліку ў гонар святога Юзафа на магчымым месцы яго дому і майстэрні. Менавіта ў тым касцёле ў XII стагоддзі пачалося ўшанаванне гэтага святога ў дзень 19 сакавіка, адтуль культ святога Юзафа пашырыўся на ўвесь Касцёл. А ў 1870 годзе Папа Пій IX абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла.

Асоба Юзафа ўзгадваецца ў Бібліі ўсяго пару разоў, але гэтыя тэксты раскрываюць ролю Юзафа ў плане збаўлення. Сапраўды, Юзаф прымае Божую волю, якая, мажліва, адрозніваецца ад яго асабістых планаў, чаканняў, яго жаданняў як мужчыны, адрозніваецца ад яго «я». Ён прымае Марыю з Езусам, апякуючыся імі і выконваючы ролю любячага сужонка і бацькі.

Але трэба зазначыць, што не ведаючы, кім з’яўляецца чаканы сын Марыі, Юзаф спачатку не мог прыняць Езуса як частку свайго роду, але і не жадаў публічна зняважыць Марыю, таму, будучы справядлівым і высакародным чалавекам, не трымаўся толькі нормы закона. Ён трымаўся больш «духа», чым «літары закона», як напісана ў пасланні святога Паўла: «літара забівае, а дух ажыўляе» (2 Кар 3, 6).

Папа Францішак у апостальскім лісце Patris corde, прысвечаным святому Юзафу, піша: «Юзаф прыняў Марыю без папярэдніх умоў. Ён давярае словам анёла. Высакароднасць яго сэрца такая, што ён падпарадкоўвае любові тое, чаму навучыў яго Закон… Юзаф не з’яўляецца тым, хто пасіўна саступае месца. Яго ўдзел мужны і значны. Менавіта прыняцце ёсць тым спосабам, праз які выяўляецца дар мужнасці, які мы атрымліваем ад Духа Святога».

У тыя часы абавязкам бацькі было правядзенне малітвы ў доме. Таксама Юзаф вучыў Езуца працаваць, вадзіў яго ў сінагогу і ў пілігрымкі, даваў прыклад пабожнасці, вернасці Богу, традыцыям, праз Юзафа Езус бачыў пяшчоту і любоў Бога.

«Шчасце Юзафа не ў логіцы самаахвярнасці, а ў дары самога сябе. У гэтым чалавеку мы ніколі не бачым расчаравання, а толькі давер», – піша Папы Францішак ў апостальскім лісце Patris corde.

Мужчына...  Што значыць гэтае слова і які сэнс нясе ў сабе? Так шмат па свеце ходзіць меркаванняў і думак, але, каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова толькі паглядзець на святога Юзафа.

Згадзіцеся, у наш час не шмат мужчын можна сустрэць у касцёле. Напэўна, на гэта ёсць розныя прычыны, але з якім захапленнем жанчыны глядзяць на сапраўды любячых Бога і спаўняючых Яго запаведзі мужчын...

Пару гадоў таму ў нашай парафіі ўзнікла новая традыцыя: нашы дзяўчаты вырашылі віншаваць хлопцаў не 23 лютага, а 19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа. Чаму? Бо святы Юзаф, які так аддана служыў Богу і апекаваўся Марыяй і маленькім Езусам, з’яўляецца прыкладам сапраўднага мужчыны, бацькі і проста хрысціяніна. Гэта добрая нагода, каб яшчэ раз задумацца над роляй мужчыны і падкрэсліць тую годнасць, якую мае кожны мужчына. Гэта традыцыя пакрыху стала пашырацца і ўлілася ў некаторыя сем’і, дзе цяпер дзень 19 сакавіка стаў сапраўдным святам мужчын.

Дарагія мужчыны і хлопцы, мы віншуем вас са святам святога Юзафа, няхай яго рука падтрымкі заўсёды ляжыць на вашым плячы, будзьце мужнымі, адважнымі, любячымі і сапраўды такімі, якімі вас стварыў Бог.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.