1 сакавіка ў мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, служэнне ў якой нясуць ксяндзы хрыстусоўцы, адбыўся Усебеларускі дзень духоўнага засяроджання для кансэкраваных асобаў.

Дзякуючы прамой трансляцыі да ўдзелу далучыліся ўсе манаскія дамы і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў Беларусі.

Напачатку да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

«Ужо цэлы год мы жывём і працуем у кантэксце пандэміі каранавірусу, з прычыны якой многія супольныя мерапрыемствы не адбыліся.

Таму сённяшняе малітоўнае чуванне нарадзілася з патрэбы быць духоўна разам у гэты няпросты час і маліцца аб хутшэйшым завяршэнні пандэміі.Таксама сёння даверым Марыі, Маці Касцёла, нашы манаскія супольнасці і ўсіх тых, хто даручаны нашай душпастырскай апецы», — падкрэсліў салезіянскі святар.

Малітоўная сустрэча распачалася з удзелу кансэкраваных асобаў у велікапосным набажэнстве Крыжовага шляху, пасля чаго айцец Юрый Кулай OCD прадставіў разважанні, прысвечаныя асобе святога Юзафа.

«Святы Юзаф быў чалавекам справядлівым і верным, які ведаў, што такое праца, выгнанне, клопат пра заўтрашні дзень ,— заўважыў кармэліт. — Не той чалавек вялікі, які шмат і прыгожа ўмее гаварыць, але той, які ціха і без вялікага рэзанансу ўмее рабіць дабро.

Як жа нам сёння патрэбныя людзі, падобныя да святога Юзафа, якія не шукаюць гонару і пасадаў, а сваё жыццёвае заданне разумеюць як служэнне», — сцвердзіў айцец Юрый.

Кульмінацыяй сустрэчы стала цэлебрацыя святой Імшы, падчас якой маліліся за манаскія супольнасці ў Беларусі, аб новых пакліканнях і плённым служэнні кансэкраваных асобаў у духу харызмаў сваіх заснавальнікаў.

Гамілію прамовіў ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ, які разважаў на тэму міласэрнасці, і ў першую чаргу — міласэрнасці ўнутры манаскай супольнасці.

«Пакліканне ісці за Езусам з’яўляецца кірункам нашага жыцця. Таму мы павінны быць вобразам міласэрнага Айца перш за ўсё ў сваёй манаскай супольнасці, — падкрэсліў святар, які належыць да таварыства аблатаў Беззаганнай Марыі. — Міласэрнасць не можа „ісці на экспарт у манаскай супольнасці“. Мы пакліканы станавіцца вобразам Міласэрнага Айца для брата і сястры, якія жывуць пад адным дахам са мною і носяць той самы манаскі габіт, што і я.

Няхай Дух Святы, Аўтар нашага жыцця і Натхняльнік,  дасць нам міласэрныя вочы, вусны, вушы, рукі <…>, каб з нашых супольнасцяў міласэрнасць Айца распаўсюджвалася і далей», — пажадаў кансэкраваным асобам ксёндз Анджэй.

 
Тэкст: Catholic.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.