Сёння ў нашай рубрыцы “Партрэт па панядзелках” пазнаёмімся з дзяўчынай, якая зазвычай працуе ўрачом-неўролагам, а апошнім часам разам з калегамі змагаецца з каранавірусам. Таксама служыць шэфам маладой дарогі ў Другой мінскай дружыне і вывучае італьянскую мову. Сустракайце – Ангеліна Гуд.

Ангеліне дваццаць пяць гадоў, нарадзілася яна ў каталіцкай сям’і ў вёсцы Журавінка Дзяржынскага раёну. Бацька гераіні працуе інжынерам-механікам, маці – фармацэўтам, таксама ў Ангеліны ёсць старэйшы брат Артур. Можна сказаць, што дзеці пайшлі па слядах сваіх бацькоў, бо Артур таксама, як і яго бацька, працуе інжынерам, а прафесія маці дапамагла Ангеліне раскрыць яе асабістае пакліканне лекара:

– Калі я глядзела ў дзяцінстве на маму, якая заўсёды ведала, як каго трэба лячыць, што каму параіць і прызначыць пры пэўнай хваробе, на ўсе гэтыя белыя халаты ў доме, якія пастаянна мыюцца і прасуюцца, калі адчувала водар разнастайных зёлак, тады, напэўна, і пачалі ўзнікаць думкі пра медыцыну. Ну і яшчэ мне заўсёды падабалася біялогія (і ў прынцыпе ўсялякія жукі-камары), я любіла ўдзельнічаць у алімпіядах па гэтаму прадмету. Таму, напэўна, я ўжо тады захацела звязаць сваё жыццё з гэтым  напрамкам.

– А чаму вырашыла стаць менавіта доктарам, а не фармацэўтам?

– Мне здавалася, што з усіх прафесій тыя, што звязаныя з медыцынай, – самыя патрэбныя. Я думала, што буду найбольш карыснай, дапамагаючы людзям менавіта такім чынам. Канешне, мама прапаноўвала мне фармацэўтыку, але я адчувала, што хачу, скажам так, быць бліжэй “да ложка” хворага.

Праца ў кавід-шпіталі

– У красавіку, калі першая хваля захворванняў толькі пачалася, пад пнеўманіі першапачаткова адвялі толькі адно аддзяленне, дзе працаваў тэрапеўт-інфекцыяніст. Але з цягам часу колькасць хворых узрастала, і ўжо ўсе аддзяленні шпіталю зачынілі і аддалі на лячэнне заражаных Covid-19. Хворых трэба было даглядаць і днём, і ноччу, таму паўстала пытанне, хто будзе дзяжурыць. Складанасць заключалася ў тым, што тады пра гэтую заразу яшчэ ніхто нічога не ведаў, была сапраўдная паніка і неабходна было знайсці людзей, якія згадзіліся б пайсці туды працаваць. Так атрымалася, што хтосьці з лекараў ва ўзросце, хтосьці са сваімі хваробамі, таму не можа, у іншых дзеці – яны таксама адмовіліся. Вось так і здарылася, што першы ўдар узяла на сябе моладзь. Я пайшла дзяжурыць першай. Не ведаю, як тады пратрымалася, бо спачатку не было ані нармальных касцюмаў, ані рэспіратараў. На наступны дзень хворых было ўжо ўдвая больш, да мяне далучыўся яшчэ адзін доктар, далей трэці і, калі шпіталізавалі ўжо каля ста чалавек, чацвёрты. Вось так мы дзяжурылі ноччу ўчатырох – неўролаг, лор, гінеколаг і педыятр. Насамрэч гэта было цікава ў пэўным сэнсе, бо зразумела, што да таго часу паміж сабой мы, як спецыялісты, зносін асабліва не мелі, а праца з адной, прычым новай і невывучанай хваробай, канешне, вельмі яднае.

Я працавала ў каронавірусным шпіталі да лета. А восенню мяне проста знялі з асноўнай працы і зноў перакінулі туды, бо пачало паступаць шмат пацыентаў с запаленнем лёгкіх. Цяпер я ў гэтым аддзяленні вяду палаты ў якасці лечачага ўрача. На кожнага доктара прыходзіцца ў сярэднім па 22-23 пацыенты. Спачатку гэта было складана, ды і цяпер я часта проста “завісаю” на працы, але да ўсяго прызвычайваешся. Шмат новай інфармацыі: штосьці цікава, штосьці незвычайна, штосьці страшна. Я разумею, што цяпер кожны сам за сябе, але сапраўды перажываю за ўсіх гэтых людзей, за іх выздараўленне.

– Што цябе найбольш захапляе ў прафесіі ўрача?

– Добрае пытанне. Мне падабаецца, калі чалавек папраўляецца. Уяві: пацыент паступае ў дрэнным стане, яму можа быць нават патрэбны кісларод, і ты прадчуваеш, што наступным этапам можа быць рэанімацыя, дзе таксама “не факт”, што атрымаецца ўратаваць. Пачынаецца лячэнне. Ты заходзіш у палату – і ўсё ўнутры цябе замірае ў напружанні, ты не ведаеш, што сказаць, намагаешся не даваць марных надзей і не даваць гарантый, проста знаходзішся ў цяжкім чаканні кожны дзень. І вось у нейкі момант нават адчуваеш адрэналін, усведамляючы, што чалавек ачуньвае і ты яго выпісваеш. Прама як гара з плячэй, бо гэты перыяд ты сам пражываеш разам з пацыентам.

Але ёсць, канешне, і адваротныя сітуацыі, калі чалавеку не становіцца лепш. І ты разумееш, што вось, буквальна ўчора ён размаўляў з табой, чытаў газету, распавядаў пра сям’ю, а цяпер ты ўжо не бачыш яго, бо ён, напрыклад, у рэанімацыі. Канешне, ёсць хваляванне з гэтай нагоды. Часам узнікаюць цяжкія думкі з-за таго, што хворыя людзі ўскладаюць свае спадзяванні на медыцыну, на лекараў, канкрэтна на цябе, што менавіта ты павінен ім дапамагчы. Але не ўсё так проста… Людзі заўсёды розныя, ход хваробы таксама. Тым больш у неўралогіі, напрыклад, шмат так званых хронікаў, пра якіх ведаеш, што яны ніколі не паправяцца: нельга сказаць, што пацыент перахварэў рассеяным склерозам ці хваробай Паркінсона. Ёсць толькі перыяды, калі яму робіцца лепш ці горш, і мая задача – палегчыць ім гэты боль ці дыскамфорт.

– Якім чынам ты спраўляешся з такой нагрузкай?

– Напэўна, усё ж такі знаходжу пэўную падтрымку ў малітве, простай размове з Панам Богам, таму што фізічных сіл не заўсёды бывае дастаткова. Я лічу, што сапраўды важна аддаваць Яму гэта ўсё, а не грузіць толькі на сябе, бо інакш даволі лёгка скаціцца ў апатыю ці дайсці да выгарання. Часам прыходзіць усведамленне таго, як Пан Бог адказвае на тое, чым дзялюся з ім: напрыклад, іду і думаю, як зайсці ў палату да пацыента, у якога ўсё сапраўды дрэнна, малюся і, увайшоўшы, бачу, што яму зрабілася лепш. У падобныя моманты я проста разумею, што гэта плён малітвы, напэўна, цуд. Таму я заўсёды раблю тое, што магу зрабіць, а астатняе пакідаю Пану Богу.

Дарэчы, у Евангеллі мне заўсёды цяжка было чытаць фрагмент, дзе апісваецца крыжовы шлях Езуса. Настолькі цяжка, што часам проста перагортвала старонкі, калі даходзіла да яго. Але кожны раз, калі з’яўляюцца нейкія цяжкасці, я звяртаюся менавіта да гэтага фрагмента і ўспамінаю, што раз Хрыстус цярпеў, то і я павінна шукаць нейкія сілы, каб працягваць рухацца наперад.

Ангеліна з’яўляецца скаўткай і на працягу пэўнага часу была шэфам кола Божых каровак у Другой мінскай дружыне імя святой Барбары, а цяпер апякуецца старэйшымі дзяўчатамі - вогнішчам маладых правадніц, якое нядаўна ўзнікла у нашай парафіі.

– Як ты пазнаёмілася са скаўтынгам?

– Калі я вучылася ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, то пачала хадзіць у касцёл парафіі Божай Міласэрнасці, дзе пазнаёмілася з айцамі сэрцанамі. Там я хадзіла на сустрэчы, музыкальныя заняткі, а потым айцец Аляксандр Фядотаў вырашыў распачаць у парафіі скаўцкі рух. І якраз у тым годзе павінна была прайсці Асамблея, на якую ён збіраўся паехаць (мерапрыемства, на якім абмяркоўваюцца вынікі дзеяння руху каталіцкага скаўтынгу на Беларусі за тры мінулыя гады, а таксама абіраецца новая Генеральная рада). У машыне было адно вольнае месца, якое ксёндз прапанаваў мне, маўляў: паглядзіш, што гэта за скаўтынг такі. Асамблея адбывалася ў Івянцы. Акрамя абмеркавання розных праблем і пытанняў, былі ўсялякія цікавосткі кшталту гатавання ежы на вогнішчы і “вогнішча” – вясёлага вечара (на скаўцкай мове). Тады мне вельмі спадабаўся гэты дух еднасці паміж удзельнікамі, сувязь з прыродай. Падчас гатавання ежы, начоўкі ў намётах я пасябравала з гродзенскімі дзяўчатамі, вельмі добразычлівымі, і адразу з’явілася адчуванне, што мяне ўжо прынялі да сябе.

Потым, напачатку новага фармацыйнага года, мяне запрашалі на сустрэчы, дзе выбіралі, хто якой скаўцкай галінай – якім узростам — хоча займацца. Я вырашыла паспрабаваць заняцца Божымі кароўкамі ў гродзенскай дружыне: спачатку ў якасці дапаможнай, а потым, пасля скаўцкага прырачэння, як шэф.

Пасля таго, як перайшла на інтэрнатуру ў Мінск, пазнаёмілася з ксяндзом Алегам і ксяндзом Уладзімірам, ізноў жа апекавалася два гады Божымі кароўкамі, але ўжо тут, у парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыя Кольбэ.

Цяпер у мяне дзве функцыі: за столькі год ужо прырасла да Божых каровак і таму застаюся нацыянальным камісарам гэтага адгалінавання, а таксама нядаўна стала шэфам на маладой дарозе, у дзяўчат, якія толькі выйшлі са звязу.

– Чым табе падабаецца скаўцкая педагогіка? Хіба нельга з такім самым поспехам займацца, напрыклад, у цёплым памяшканні, а не выбірацца кожны раз у лес? Што ў ёй такога асаблівага?

– Увогуле, калі толькі ўваходзіш у гэта, узнікае шмат незразумелых момантаў і дзіўнасцяў. Чаго толькі каштуе вывучыць усю гэту тэрміналогію, адзнакі на форме, сімволіку сцяга, прывітанні і іншыя шматлікія рэчы. Але потым, праз нейкі час, пачынаеш разумець сутнасць.

Што мне сапраўды падабаецца ў скаўтынгу, гэта тое, што такая педагогіка падыходзіць усім – ад малога да вялікага. То бок кожны можа знайсці тут сабе ролю і прымяненне, таксама знайсці інструменты, якія будуць дапамагаць узрастаць у асабістым духоўным жыцці, развіваць таленты і здольнасці ў любы перыяд. Скаўтынг дапамагае знаходзіць сябе, адкрывацца на свет і на іншых, выходзіць са сваіх комплексаў і зманаў, ну і, канешне ж, асабліва, з зоны камфорту, - усміхаецца гераіня.

Таксама мне падабаецца гэтая атмасфера, якая аб’ядноўвае розных людзей: розных па прафесіях, па ўзросце, з розных сем’яў, нават краінаў. Калі я вучылася ва ўніверсітэце, то зносіны мела з пэўнай групай, у якой абмяркоўваліся выключна медыцынскія тэмы. А калі прыйшла у скаўтынг, то сустрэла вельмі шмат новых твараў з рознымі захапленнямі, цікаўнасцямі і навыкамі. Я адчула, быццам мне пачалі адкрывацца новыя гарызонты, стала крыху “цяплей” жыць, і мой вольны час стаў вельмі разнастайным.

Мне падабаецца, што ў скаўтынгу я маю служэнне – не якуюсьці разавую акцыю, а магу рабіць гэта пастаянна. Напрыклад, вельмі прыемна ўсведамляць тое, што ты дапамагаеш дзяўчатам і іх сем’ям, бо, калі казаць нават пра Божых каровак – пра меншых, – якія не заўсёды слухаюць бацькоў, то вельмі добра, калі яны маюць нейкі асаблівы прыклад звонку.

Але важна і тое, што ты не толькі дапамагаеш іншым, але і сам развіваешся, бо каб, напрыклад, падрыхтаваць цікавую зборку, трэба пакапацца ў літаратуры (часам нават на іншай мове), намаляваць штосьці і г.д. Я разумею, што дзякуючы скаўтынгу сапраўды ўзрастаю у розных навыках...

Цікавыя факты пра Ангеліну:

  • У вольны ад працы час бярэ прыватныя ўрокі італьянскай мовы.
  • Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна.
  • Вельмі любіць чытаць кнігі. Сярод яе ўлюбёных аўтараў:
    • Генры Нувэн, каталіцкі святар і пісьменнік, і яго кнігі “Унутраны голас любові” і “Хлеб падарожжа”;
    • рускія класікі, такія як: Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі і Міхаіл Булгакаў;
    • святая Тэрэза Авільская, яе кнігу “Замак” Ангеліна раіць пачытаць, каб даведацца пра шмат добрых парадаў пра малітву.

– Што пажадаеш нашым чытачам?

– Жадаю кожнаму моцнай веры, надзеi i любовi, апекi Мацi Божай i святога Юзафа.

Размаўляла Марыя Бачыла

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.