4-6 снежня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Сем’яў у Тракелях адбыўся чарговы фармацыйны выезд удзельнікаў Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам»
Розум стаіць за штурвалам, компасам з’яўляецца сумленне, а рухавік — гэта воля, — такі вобраз карабля дапамагае асэнсаваць значэнне адных з найважнейшых дароў, якія чалавек атрымаў ад Бога. Трэба клапаціцца аб развіцці кожнага з іх. Аб тым, як гэта рабіць, разважалі ўдзельнікі рэкалекцый.
Заклік Хрыста Duc In аltum — «Выплыві на глыбіню» (Лк 5, 4), скіраваны да Пятра на беразе Галілейскага мора, стаў біблійным фундаментам і дэвізам рэкалекцый. Менавіта гэтыя словы нанова адрасаваў моладзі святы Ян Павел II ў Ледніцы 2 чэрвеня 2001 г.:
«Выплыві на глыбіню! Даверся Хрысту, пераадолей слабасць і расчараванне і зноў выплыві на глыбіню! Адкрый для сябе глыбіню ўласнага духу. Увайдзі ў глыбіню свету. Прымі слова Хрыста, даверся Яму і распачні жыццёвую місію. Людзям новага часу патрэбна тваё сведчанне. Не бойся! Выплыві на глыбіню! З табою Хрыстус».
Наведванне родных парафій ксяндза Алега і ксяндза Уладзіміра натуральна ўпісалася ў рэкалекцыйную праграму: у Іўі моладзь удзельнічала ў Раратах, а адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту была арганізаваная ў Геранёнах.
Гэты ўік-энд быў ацэнены ўдзельнікамі як інтэнсіўны час духоўных практык і будавання супольнасці, а ксёндз Уладзімір на заканчэнне выезда звярнуўся да моладзі: «Жадаю вам, каб пад апекай Марыі рухавік волі вашага карабля з кожным днём набіраў моцы; каб, дзякуючы праведнаму, чуламу і ўпэўненаму сумленню, вы штодня рашуча і радасна імкнуліся да порту збаўлення, рэалізуючы словы Хрыста: Duc in altum!»