6 снежня на ранішнюю св. Імшу завітаў святы Мікалай. Наведаўся не адзін, а з анёламі. Праўда, прыйшлося трошкі пачакаць, бо ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй алені трапілі на карантын і святы Мікалай ішоў пешшу. Але ўсё скончылася добра, ніхто не застаўся без салодкага падарунка.

Другая нядзеля Адвэнту. Запалены ўжо дзве адвэнтавыя свечкі. Ксёндз пробашч Алег цэлебруе ранішнюю святую Імшу. Усё быццам бы досыць традыцыйна, толькі вочкі дзетак блішчаць у прадчуванні чагосьці незвычайнага.

У казанні разважаем пра Яна Хрысціцеля, пра пустыню, ў якую ён пайшоў, каб абвяшчаць Слова Божае. Пра нашу пустыню, у якую мы перыядычна маем патрэбу выходзіць, каб стаць у праўдзе перад самімі сабой. Пра неабходнасць называць па імені свае грахі і слабасці. «Каб ведаць, што трэба ад сябе адкінуць, над чым працаваць», — кажа нам ксёндз Алег. І не размінуцца ў штодзенных, перадсвяточных клопатах з Нованароджаным Езусам.

Гучаць прыгожыя спевы і малітвы. Сёння нам спяваюць «Божыя ягняткі».

Заканчваецца св. Імша, нецярпенне і цікавасць  нашых малых парафіянаў ужо немагчыма стрымаць. Яны азіраюцца навокал, хтосьці выбягае на вуліцу. Ну дзе ж ён?

З’яўляюцца анёлы святога Мікалая, яны таксама ў непаразуменні. Але неўзабаве мы атрымоўваем ліст, з якога дазнаемся, што ўзніклі цяжкасці на мяжы. Паўсюль карантын і іншыя складанасці, але Святы не мог пакінуць дзяцей без падарункаў. І таму наш госць ідзе пешшу, а алені засталіся на карантыне.

Што рабіць, пакуль чакаем святога Мікалая? Анёлы не губляюцца і пачынаецца забава. Шарыкі, загадкі, смех дзяцей.

І вось ён ужо ідзе. Вершы, песенкі да святога Мікалая, жарты і падарункі. Удзел у дэкламацыі вершаў узялі нават некаторыя дарослыя.

Кавалачак казкі і бесклапотнага дзяцінства атрымалі ўсе прысутныя.

А ХТО ТАМ ІДЗЕ?

А хто там ідзе? А хто там ідзе
З марозам ды шэранем у барадзе?
Святы Мікалай сам да нас завітаў,
Малому Езусу паклон тут аддаў.

Чароўны свой мех ён пасля расчыніў
І шчодрай рукой усіх нас адарыў.
А потым на снежнай сваёй калясніцы
Ізноў паiмчаў да нябеснай сталіцы.

Марыя Чарняўская

 

Тэкст i Фота: Ірына Шаўструк

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.