Сёння мы раскажам вам пра чалавека, які ў свае 36 гадоў мае сям`ю, чытае Біблію, з`яўляецца членам брацтва св. Міхала Арханёла, калекцыяніруе матацыклы, разам з братам пашырае тэхнічную спадчыну нашай краіны і стараецца не ўпускаць часам невідавочныя, але важныя моманты жыцця. Знаёмцеся — Віталій Гапановіч.

Наш герой нарадзіўся ў вёсцы Латыгаль, што ў Вілейскім районе, дзе і дагэтуль жывуць яго бацькі. Католік, хадзіў у касцёл на Імшы і катэхезу. Калі выпадала магчымасць, наведваў касцёл святога Станіслава ў Даўгінава, дзе жыла бабуля, бо ў роднай вёсцы касцёла не было, толькі царква.

— Мая бабуля заўсёды так казала: “Калі няма касцёла, ідзі ў царкву. Ну, я і хадзіў у нашу царкву, а пры магчымасці ездзіў у касцёл­­”.

У 2001 годзе Віталій прыехаў у Мінск, паступіў у БДУ на біялагічны факультэт, пасля ўніверсітэта працаваў у генатыпаскапічнай лабараторыі, потым — сервісным інжынерам, усталёўваў цэнтрыфугі і лабараторныя прыборы. А пасля пайшоў на “прыватны хлеб” — стаў індывідуальным прадпрымальнікам, якім з'яўляецца і зараз. Віталій захапляецца рэтра тэхнікай, таму і праца яго звязана з гэтай тэмай. Ён здае у арэнду рэтрааўтобусы, матацыклы, ровары для фотазон і карпаратыўных мерапрыемстваў, а таксама яго фірма самастойна арганізоўвае карпаратывы і цікавы тэматычны адпачынак.

“Ведаеце, я ж сам з вёскі, калі быў хлопцам-падлеткам, мне здавалася, што горад гэта вельмі файна. Канешне, хацелася вырвацца, хацелася развівацца — гэта нармальна. Я думаў, што горад — гэта маё. Пераехаўшы у Мінск, я прызвычаіўся да яго, зразумеў, што мне тут даволі добра. Але з цягам часу, з кожным годам я адчуваю, што горад для мяне, для майго светаўспрымання — гэта ўсё ж штучнае асяроддзе для жыцця. Бо, як біёлаг, магу сказаць, што ўсе нашы продкі былі бліжэй да зямлі, з прыродай праводзілі нашмат больш часу, чым мы зараз. Я адчуваю сябе лепш там, дзе птушкі спяваюць, хоць яны таксама спяваюць і ў нас на Лідскай — у гэтым нам пашанцавала. Але мне больш падабаецца сярод дрэў, там дзе ты гаспадар, дзе ты – на сваёй зямлі, дзе ў чалавека ёсць свае заняткі. Таму мая мара — пераехаць жыць у вёску. Мы ўжо будуем дом пад Ракавам, адкуль паходзіць мая жонка. І зараз, як не дзіўна, дзякуючы гэтай эпідэміялагічнай сітуацыі, я больш часу прысвячаю будаванню нашага дому і сям'і”.

Віталій са старэйшым братам Алегам збіраюць цікавыя даўнейшыя матацыклы і аўтамабілі і, калі хапае часу, прысвячаюць гэтаму “жалеззю”, як казаў іх бацька, свой вольны час.

— Адкуль узнікла такая цікавасць да рэтра тэхнікі? — пытаемся мы.

— Зараз мне 36 гадоў, а з’явілася гэта захапленне яшчэ ў школе, прыкладна ў 9 класе. Увогуле, трэба сказаць, усё маё дзяцінства праходзіла побач з мамай і татам, але больш ля таты. У яго быў аўтамабіль, матацыкл і нават трактар, ён сам зямлю апрацоўваў, сам ладзіў дрэваапрацоўчыя станкі, умеў добра імі карыстацца. Вось у такіх цікавых тэхнічных умовах, дзе балты, гайкі, розная тэхніка заўсёды побач, я і ўзрастаў. У таты быў матацыкл Ява 250 — “старушка” альбо “капелька” — так яго называлі. Гэта аднацыліндравы матацыкл Чэхаславацкай зборкі 1966 года, я на ім вучыўся ездзіць. Тата мяне садзіў на бак і мы разам ехалі на рыбалку ці ў лес — гэта было вельмі класна. У тыя часы па тэлебачанні пачалі паказваць перадачы, у асноўным амерыканскія, дзе хлопцы бралі нейкую старую тэхніку, рэстаўрыравалі яе, аднаўлялі. Ёсць такое паняцце ў англійскай мове “барн-файнд” — гэта, проста кажучы, нешта, даўно пакінутае ў гаражы, закінутае, пра што забыліся, а потым знайшлі. Гэтая тэма захапіла нас з братам, мы паехалі ў суседнюю вёску, дзе “за капейкі” нам аддалі кучу ”жалеззя”. Гэта была “Ява 350”з двухцыліндравым маторам, але матацыкла па-сутнасці не было, толькі дэталі: рама, нейкія балты і г.д. Мой старэйшы брат на той момант вучыўся ва ўніверсітэце, а я яшчэ ў школе, ён мне і кажа: “Вельмі файна будзе, калі ты з гэтым разбярэшся і запусціш матор. Будзе табе рэспект”.

Віталій узяў у таты падручнік, там глядзеў, штосьці сам кумекаў, разбіраўся і нарэшце запусціў рухавік.

— Мусіць, паўвёскі пачула, як я крычаў ад захаплення “УРА”, калі запрацаваў матор. Потым на першым ці на другім курсе купіў у Маладзечна матацыкл з усімі дакументамі, гэта таксама была Ява, пасля — матацыкл з каляскай, абодва былі 1960 года. Вось так простае юнацкае захапленне перарасло ў хоббі, а пасля нават стала часткай працы.

Мой брат Алег часта меў зносіны з людзьмі, якія захапляліся рэтрааўтамабілямі, 21-мі “Волгамі” — гэта сапраўды цікавая машына. Ён яе купіў, прыцягнуў, і мы сталі абмяркоўваць, што з гэтым рабіць. Я ўжо працаваў у той час. Мы былі знаёмыя з людзьмі ў Мінску, якія цікавіліся рэтра тэматыкай. Сустракаючыся з імі, паступова прыйшлі да такой думкі: а ці не зладзіць тэматычны фестываль?! Для гэтага трэба было наладзіць стасункі з аматарамі рэтра тэхнікі ў іншых краінах. Таму нашы сябры паездзілі па замежных міжнародных фестывалях, паглядзелі, як арганізаваны зараз рэтра-рух у свеце. Абмеркавалі, “пераварылі“ ў сабе інфармацыю і атрыманы вопыт, і зладзілі свой фестываль. Забягаючы наперад скажу, што ў гэтым годзе адбыўся ўжо восьмы міжнародны фестываль рэтра матацыклаў “Кола часу“.

Усё гэта Віталій з братам робяць шчыра, не толькі для сябе, але і для людзей. На фестываль да іх прыязджаюць удзельнікі з 12-13 краінаў свету, і з кожным годам кола зацікаўленых пашыраецца.

— У гэтым годзе фестываль прайшоў 1 жніўня ў Мірскім замку. Хоць еўрапейскія ўдзельнікі не прыехалі з прычыны каранавірусу, міжнародны статус быў падтрыманы, бо прыехалі ўдзельнікі з Расіі. Было больш за 100 матацыклаў, асноўная праграма: праезд-экскурсія па замках Беларусі, выстава ў Мірскім замку, Любчанскі замак, Навагрудак і вяртанне ў Мірскі замак, дзе адбылося ўзнагароджанне і джазавы канцэрт.

Фестываль — гэта пляцоўка для знаёмстваў, зносін, абмену вопытам. Таксама ў праграму фестываля ўваходзіць парад-выстава рэтра матацыклаў. Матацыклы павінны быць падрыхтаванымі, файна выглядаць і адпавядаць слову "рэстаўрацыя", або "аднаўленне". Гэта значыць, што на іх не павінна быць нічога лішняга, што заводам-вытворцам не было прызначана ад пачатку, напрыклад, розных дапрацовак пад сучаснасць і гэтак далей, бо за гэта камісія, якая аглядае конкурсныя матацыклы, можа знізіць адзнаку. У конкурсе ёсць розныя намінацыі, напрыклад: лепшая рэстаўрацыя матацыкла; самы вялікі кіламетраж для матацыкла, які прыехаў сваім ходам да нас на фестываль; намінацыя “дзед” – гэта самы старэйшы ўдзельнік, які прыехаў; намінацыя “ўнук” і іншыя.

Звычайна спачатку ў праграме запланаваная выстава, потым прабег з экскурсіяй, розныя конкурсы і выпрабаванні для ўдзельнікаў, а ўвечары ўзнагароджванне. Фестываль міжнародны, шмат удзельнікаў прыязджае да нас з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, і таму асноўнай мовай зносін на ім з'яўляецца руская. Але паколькі фестываль наш, беларускі, мы самі беларусы, то ён мае беларускую назву, і часам мы пераходзім на беларускую мову. Я чуў прыемныя водгукі ад удзельнкаў, якія кажуць: “О, ваша мова такая класная, такая прыгожая”. А яшчэ, канешне, размаўляем па-ангельску, калі трэба.

— Спецыяльна вывучалі ангельскую мову? – пытаем мы.

— Па маёй папярэдняй прафесіі, калі працаваў сэрвіс-інжынерам, трэба было шмат вучыцца і ездзіць у Еўропу на стажыроўкі — у Швейцарыю, Галандыю, канешне, ангельскую мову трэба было падцягваць, хоць у школе калісьці вывучаў нямецкую...

Фестывальны рух пачаўся з таго, што ў 2012 годзе браты правялі нефармальную сустрэчу, на якую запрасілі ўсіх жадаючых, і ўжо тады на яе прыехала каля 20-ці ўдзельнікаў на матацыклах і яшчэ столькі ж, а можа і больш, прыйшло пешшу. На наступны год прайшоў першы сапраўдны фестываль, на які прыехала каля 55 чалавек. Для новага фестывалю, які сябе яшчэ ніяк не зарэкамендаваў, гэта вельмі шмат. Тады яго ладзілі пад Ракавам.

— Было вельмі цудоўна, душэўна, ён быў не такі правільны, як мы робім зараз, але быў надзвычай цёплым, як стары лямпавы радыёпрыёмнік. Кожны год, па магчымасці, лакацыя фестываля змяняецца, бо гэта цікавей і для ўдзельнікаў, і для арганізатараў, таму што многія людзі, нават самі беларусы, дрэнна ведаюць гістарычную спадчыну і не былі ў шматлікіх цікавых месцах нашай краіны. І гэта здорава, хоць часамі дастаўляе шмат клопату, бо кожны раз трэба дамаўляцца з новай адміністрацыяй. Калі рабілі першыя фестывалі, то ўсе казалі: “Ааа, гэта байкеры”. “Не”, – казалі мы, – “гэта не байк-фэст, а фестываль для рэстаўратараў і аматараў рэтра матацыклаў, гэта іншая плынь”. “Кола часу” называюць першым беларускім міжнародным рэтра-мота фестывалем, на самай справе ён яшчэ з’яўляецца самым вялікім рэтра-мота фестывалем ва Усходняй Еўропе, бо фестывалі падобнага маштабу праходзяць толькі ў Польшчы. Германію, Італію мы не бяром у параўнанне — гэта Заходняя Еўропа, і там збіраецца ўжо па 400 конкурсных удзельнікаў. Нам ёсць да чаго імкнуцца! А ў нас на фестывалі ёсць такія “бабры”, якія прыязджаюць з першага фестываля і кожны год. Напрыклад, Войцех з Чэхіі — класны падарожнік, якому няма 30-ці гадоў, а ён аб’ездзіў амаль што 1/3, а можа і 2/3 ўсяго свету на матацыкле і з’яўлецца афіцыйным дылерам “Явы” ў Чэхіі. Я б сказаў, што ўсе гэтыя людзі, якія разбіраюцца ў тэхніцы, цягнуцца да рэстаўрацыі – гэта, свайго роду, мастакі. Бо не так проста адшукаць правільную дэталь, не пашкодзіць яе пры рамонце і зрабіць так, каб усё працавала. Можа быць у тых, хто цяпер прыходзіць у якасці гледачоў і  захапляецца нашай працай, раптам загарацца вочы, і з’явіцца стымул, цікавасць знайсці стары матацыкл, аднавіць яго і на наступны год прыехаць да нас на фестываль.

Самы маштабны фестываль па ўспамінах нашага героя быў у 2016 годзе: тады было больш за 200 удзельнікаў і зарганізавана 3 прыватных музея. Уладзімір Весялоў, зацяты калекцыянер, прывёз цэлую фуру матацыклаў. Гадзіннікавая крама "Луч" таксама першы раз вывезла пад адкрытае неба свой музей. Таксама свой музей прывёз і Мінскі мотавелазавод, ад іх было прадстаўлена больш за 10 матацыклаў.

— Навошта ўвогуле фестываль?

— Мы сваім фестывалем стараемся пашыраць культуру людзей, тэхнічную ў тым ліку. Матацыклы такі ж прадмет калекцыяніравання, як кнігі і карціны. І на матацыкле ты можаш выехаць у любы час у горад і парадаваць людзей. Усе ўсміхаюцца, цудоўны настрой у цябе і ў тых, хто цябе ўбачыў. Мэта фестываля — прыцягнуць больш людзей да гэтага руху, каб людзі паглядзелі і захапіліся, каб зберагалі таксама і тэхніку — бо гэта таксама культурная спадчына Беларусі”.

Сям’я

Аповед пра сям’ю Віталь пачынае з жонкі, кажа, што яму вельмі пашанцавала і ён шчаслівы чалавек: жонка падтрымлівае ўсе яго рашэнні і хобі, нават самыя нестандартныя. “Я, можа, не ажаніўся б ніколі, калі б не сустрэў яе. Бо на той момант я быў так захоплены тэхнікай! Нават не ведаў, ці існуюць такія дзяўчаты, якія зразумеюць мяне. Пазнаёміліся мы з Алёнай банальна (ніколі не думаў, што так адбудзецца), праз інтэрнэт, праз сацсеткі. Зусім не так, як калісьці ўяўлялася”.

У 2009 годзе яны ажаніліся, і ў 2011 нарадзіўся сын Уладзімір. Ён зараз цікавіца робататэхнікай, парусным спортам, захапляецца футболам. Не так даўно ў яго жыцці з’явіўся настольны тэніс. Жонка Віталія скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Яны, як ён кажа, вельмі падобныя — існуюць на адной хвалі.

— Па якіх прынцыпах будуецца вашае жыццё?

— Усё закладзена ў Бібліі. Асноўныя прынцыпы — не рабі дрэннага людзям і дапамагай ім. Я больш цяпер разважаю на тэму дапамогі іншым, раней мне здавалася, што трэба хаця б сваё зрабіць, на ўсё астатняе часу не хопіць. Цяпер я разумею, што калі хтосьці да цябе звярнуўся па дапамогу, трэба адкласьці ўсе справы. Дапамагаць тым, каго ведаеш і каго не ведаеш. Часам мой сын падыходзіць нешта запытаць, раней я так адказваў: “Ай, давай потым”. А цяпер падыду, дапамагу. Бо потым забываецца ўсё, і ты разумееш, што згубіў момант, і такі прабел застаецца... А калі такіх хібаў шмат? Вялізная страта атрымліваецца! Я стараюся больш не прапускаць маленькія, але такія важныя, моманты.

Такі прыклад Віталію падалі яго бацькі. Мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, тата быў ваенруком, які вучыў дзяцей ваеннай справе, а потым працаваў настаўнікам працы. Тата, па словах Віталя, чалавек з залатымі рукамі: з дрэва можа шмат чаго зрабіць. І ніколі ні ў чым не адмаўляў сынам. “Азіраюся назад, спрабую разглядзець, здаецца, яно вось тут усё, побач, калі ты маленькі, а бацькі маладыя і здаровыя… Але ўсё змянілася... Зараз ужо я ім павінен аддаваць свой час, дапамагаць, а калісьці яны сваім прыкладам паказвалі, як правільна жыць побач з людзьмі. Не памятаю ні аднаго разу, калі тата камусьці ў чымсьці адмовіў. Калі трэба з дрэва штосьці — зробіць, з трактарам дапаможа. Мама нават часам на яго злавалася, бо тата адкладваў сваю працу і ішоў дапамагаць іншым”.

— Ці ёсць у вас любімы святы?

— Заўсёды быў любімы святы Мікалай, гэта напэўна самы люмімы з дзяцінства. Дарэчы ў мінулым годзе на балі ўсіх святых мой сын, калі мы прапаноўвалі яму розныя варыянты, адразу сказаў, што хоча быць святым Мікалаем.

— Стараюся, каб мая сям`я ўзрастала духоўна. Бо акадэмічная адукацыя не дае да канца зразумець гэты свет, глыбока спазнаць яго. Ёсць у нашай парафіі, дзякуй Богу, такі мужчынскі клуб — брацтва св. Міхала Арханёла. Я быў задаволены, калі “па Калядзе” да нас прыйшоў ксёндз Алег, расказаў пра яго і запрасіў мяне. Гэтага мне не хапала раней — суполкі, дзе мужчыны разважаюць на духоўныя тэмы, дзеляцца сваім досведам адзін з адным. Так, праз зносіны з іншымі, атрымліваеш адказы і на свае пытанні. Увогуле, як бачу, усё, чаго я моцна хачу ў душы, заўсёды атрымліваю, дзякуючы Пану Богу.

Віталь лічыць духоўную адукацыю вельмі важнай у жыцці, і таму шкадуе, што такіх супольнасцяў альбо “клубаў” у касцёлах замала, а людзі не хочуць хадзіць, бо думаюць, што ўжо выраслі і гэтага не патрэбуюць. “Колькі жывём, да самай смерці, трэба чалавеку ўзмацняцца, каб зразумець глыбей сябе, Бога, людзей”.

Фільмы

— Усе камедыі Леаніда Гайдая: “Брыльянтавая рука”, “Аперацыя “Ы” і г.д. Камедыя з мужскім гумарам, можа не заўсёды літаратурным, “Карты, грошы, два ствала” Гая Рычы.

Кнігі

— У дзяцінстве заўсёды падабалася чытаць прыгоды: “Дзеці капітана Гранта”, творы Янкі Маўра, напрыклад, “Палескія рабінзоны”. Стараюся чытаць Біблію, але не ўсё разумею, ёсць пытанні. Шмат чытаю па бізнесу, магу выдзяліць з агульнага шэрагу кнігу “Думай і багацей”, яна не толькі пра бізнес, але і пра жыццё, пра тое як трэба планаваць, ставіць мэты і дасягаць іх.

Мара

— Мы з братам марым адкрыць у Беларусі тэхнічны музей. Нават так: раней гэта было марай, а цяпер — мэта.

Аб чым папрасіў бы Бога

— Хацеў бы папрасіць павялічыць сваю сям`ю, менавіта хацелася б трох дзяцей.

— Увогуле магу сказаць, што ў касцёл трэба хадзіць не проста “для галачкі”, а мэтанакіравана. Знаходзіць гадзіну, нават больш, і ісці, каб мяняць сваю свядомасць, узрастаць духоўна, можа нават дзяліцца сваім духоўным досведам. Бо нам усім гэтага не хапае, не хапае духоўнасці. У касцёле нагадваюць і расказваюць пра важныя рэчы. Можа, ты і ведаеш пра іх, але табе цяжка асэнсаваць, а калі ксёндз скажа так, як запісана ў Бібліі, то сапраўды задумешся, уцяміш. І я адчуваю асалоду ад таго, што, нават калі нешта цяжка рабіць, а ты дасягаеш нейкай хрысціяняскай мэты, ты на адну прыступачку паднімаешся і набліжаешся да Бога.

Размаўляла Паліна Маісеева

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.